Пасля скандальнай карыкатуры «Мінская праўда» засталася без галоўнай рэдактаркі
Карыкатура на першай паласе «Мінскай праўды» ў пачатку верасня нарабіла шмат шуму. Гомельскаму выданню «Флагшток» стала вядома, што за гэты выпуск газеты несла адказнасць Вольга Селязнёва, за што яе пазбавілі пасады галоўнага рэдактара выдання.
22.09.2021 / 16:28
Карыкатура аўтарства віцебчука Антона Астроўскага, на якой хрысціянскія крыжы ператвараюцца ў нацысцкія свастыкі, выклікала абурэнне. Праз дзень пасля выхаду карыкатуры кіраўніку МЗС Макею давялося сустракацца з прадстаўніком Папы Рымскага, арцыбіскупам Антэ Ёзічам.
Галоўным рэдактарам «Мінскай праўды» на момант выхаду карыкатуры была Вольга Анатольеўна Селязнёва, менавіта яна была пазначаная ў якасці галоўнага рэдактара газеты ў дзень выхаду скандальнай карыкатуры. Прычым атрымала гэтую пасаду яна зусім нядаўна — у жніўні 2021 года. Да яе ў ліпені 2021 года галоўрэдам значылася Ларыса Коршун. Выпуск, які рушыў за скандальным, выйшаў ужо без галоўнага рэдактара — у выходных даных нумара знікла Селязнёва і яе пасада. У цяперашні час выходзяць толькі шараговыя публікацыі пад яе аўтарствам.
Параўнанне выходных даных газеты «Мінская праўда»: зверху нумар са скандальнай карыкатурай, знізу наступны нумар
«Флагшток» патэлефанаваў у рэдакцыю «Мінскай праўды»:
«Галоўны рэдактар пакуль не ўзгоднены», — адказаў голас па нумары галоўрэда.
Праўда, пасля публікацыі аб зняцці з пасады Вольгі Селязнёвай телеграм-канал выдання напісаў, што «яна сапраўды праходзіць узгадненне на пасаду галоўнага рэдактара, а цяпер часова выконвае яго абавязкі», а «з'яўленне або адсутнасць яе прозвішча, імя ў газеце абсалютна не звязана з нечымі неабгрунтаванымі здагадкамі».
Вольга Селязнёва злева
Вольга Селязнёва — сябра «Белай Русі», двойчы назірала за выбарамі і сама абіралася ў дэпутаты Добрушскага раённага савета, была намесніцай старшыні Добрушскага райвыканкама Вольгі Махаравай, працавала ў рэдакцыі «Гомельскай праўды», была галоўным рэдактарам раёнкі «Добрушскі край» і галоўрэдам газеты «Гомельскія ведамасці».