Да Каці Пытлевай другі раз прыйшлі з ператрусам. Стала вядома, у чым яе падазраюць

абноўлена

Пра ператрус у мінскай кватэры 24 верасня журналістка распавяла ў фэйсбуку.

25.09.2021 / 13:13

«Учора ў нас быў другі ператрус. На гэты раз прыйшлі нібыта з КДБ. Дзверы, на шчасце, не ламалі. Мяркуючы па іх рэакцыі, убачыць наступствы папярэдняга ператрусу яны не чакалі, нават здзіўлена пыталіся, маўляў: «І гітару таксама яны зламалі? І заплечнікі парэзалі?» Карацей, не чакалі яны, што хтосьці іх апярэдзіць. Затое на гэты раз з'явілася яснасць, якія артыкулы мне прыпісваюць: артыкул 361 КК, часткі 1 і 3», — напісала Каця Пытлева. Пазней яна паведаміла, што ўсё ж гаворка пра артыкул 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

Пра першы ператрус журналістка паведаміла 7 верасня. 

«Дзверы зламалі не толькі ўваходныя, але і чамусьці ў спальню, хоць замкоў усярэдзіне не было, парэзалі калонкі, малатком разбілі фігуркі вожыкаў, парэзалі вясельныя фатаграфіі, распатрашылі вінілавую калекцыю і парассыпалі крупы і муку па ўсёй кватэры. Я ўжо не кажу пра скрынкі, у якія мы склалі ўсе рэчы, калі з'язджалі», — пісала тэлевядоўца.

Частка 1 арт. 361 КК: 

Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве, або ўчынення акта тэрарызму ці дыверсіі, або ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, караюцца арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Частка 3 арт. 361 КК: 

Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці інтэрнэту альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў.

Nashaniva.com