Да палітвязня Івуліна паштоўка вярнулася праз шэсць гадоў — колішні выхаванец з дзіцячага лагера захоўваў яе ўвесь гэты час
Яе адправіў журналісту Сашу Івуліну яго колішні выхаванец з дзіцячага лагера.
25.09.2021 / 14:09
Саша Івулін
«Вестачкі ад усіх вязняў важныя, каштоўныя і доўгачаканыя. А ўжо ад свайго брата-журналіста і пагатоў. Вось толькі горка, што ад журналістаў лістоў прыходзіць менш, чым ад каго, — піша ў фэйсбуку віцебская журналістка Таццяна Матвеева, якая атрымала ўжо трэцюю паштоўку ад Аляксандра Івуліна.
— Саша трымаецца крута. Нават у радках ліста, амаль у кожным сказе, адчуваецца ягоная фірмовая ўсмешка.
Памятаеце хлопчыка Захара, які напісаў Івуліну кранальны ліст са словамі падтрымкі і якому журналіст хацеў даслаць падарунак, але не ведаў куды? Дык вось Сашавы сябры знайшлі Захара — і падарунак ужо ў хлопчыка.
Яшчэ Саша распавёў у лісце, што раней працаваў у летніку важатым. І ў канцы змены дарыў дзецям паштоўкі. І адна з гэтых паштовак… вярнулася да Івуліна. Праз 6 год! На Валадарку. Былы выхаванец даслаў яе Сашы і напісаў, што «доўгі час гэтая паштоўка шмат для мяне значыла».
«Ох, і хто мне цяпер скажа, што дабро не вяртаецца? Галоўнае, рабіць усё шчыра і бескарысліва, тады ўсё здараецца», — упэўнены Саша Івулін.
Даслаў мне паштоўку са смайлікам, ад якога разыходзяцца промні з «рэцэптам» шчаслівага жыцця.
Усе гэтыя паштоўкі з-за кратаў — скарб. Я іх часта пераглядаю, думаю пра тых, хто іх напісаў, малюся за іх. Веру, што паміж людскімі сэрцамі ёсць повязь нават на адлегласці», — піша Таццяна Матвеева.