«Жанчыны бунтавалі з-за цыгарэт — выбілі вочка ў дзвярах». Што вядома пра магілёўскую турму, куды пераводзяць Наталлю Хершэ?
Пра ўмовы ў магілёўскай турме і рэдкіх жанчын у ёй распавёў былы палітвязень Яўген Васьковіч, які правёў там тры гады.
29.09.2021 / 15:41
Фоты «Магілёўскай вясны»
«У пэўны час мы звязваліся з суседзямі за сцяной, «малявы» перадавалі»
Яўген згадвае, што ў турму яго адправілі за тое, што адмаўляўся ад працы і прыбіранняў (спачатку ён адбываў пакаранне ў магілёўскай папраўчай калоніі №15). На «крытай» (так асуджаныя называюць турму між сабой) ён сядзеў у 2012-2014 гадах.
Яўген Васьковіч. Архіўнае фота
Калі чалавек прыязджае туды, яго ставяць на строгі рэжым. Дазваляюць толькі адну бандэроль да двух кілаграмаў і адно кароткатэрміновае спатканне на год.
«У атаварцы можна купіць значна меней. У краму сам не ходзіш: табе прыносяць у камеру лісток з тым, што ёсць у наяўнасці, пішаш, што табе трэба, і праз нейкі час прыносяць пакупкі. Могуць праз тыдзень ці праз два. Самае хадавое было — цыгарэты і гарбата», — дзеліцца хлопец.
У камерах — ад 4 да 12 чалавек. На корпусе СІЗА былі і камеры на дваіх, але іх вельмі мала. На працу зняволеных не водзяць, шпацыр — гадзіна ў дзень.
«У камеры могуць быць настольныя гульні. Мы гулялі ў покер, «тысячу». У адзін час з’явіўся чалавек, які татуіроўкі біў. Фарбу самі рабілі, малюнкі на прасцінах наносілі. Міжкамерная сувязь добра была раней наладжана. У пэўны час мы звязваліся з суседзямі за сцяной, «малявы» перадавалі.
Нават самагон у камеры нармалёвы рабілі. У нас быў такі рэцэпт. Бралі шэры хлеб, які там выдаюць, і цукар. З цукру рабілі сіроп, прамочвалі ў ім хлеб і ў прасціну заварочвалі. Ён пэўнага колеру павінен быў стаць. Потым яго закідвалі ў вядро, каб выстаяўся, рабілі так, каб паху не было ў камеры. І пасля гналі самагон — чакалі змену, у якую лепш.
«Па-за межамі камеры перасоўваўся ў кайданках»
Там было чатыры змены — адзін карпусны заўжды дрэнны, адзін добры і двое сярэдніх. Гэта такая псіхалагічная рэч, бо кожнага чалавека па-рознаму можна зламаць.
У СІЗА сядзіць шмат тых, хто першы раз патрапіў. Яны не ведаюць ні сваіх правоў, ні як можна абысці правілы, ні як размаўляць з міліцыянтамі, каб яны да цябе не чапляліся. У турме не так. Там жывуць не па рэжыме, а так, як зручна. На «крытай» пры мне ўсе спалі ўдзень».
Яўгена паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў». Таму па-за межамі камеры ён мог перасоўвацца толькі ў кайданках. Такія ж правілы для схільных да ўцёкаў.
Астатнім рукі не зацягваюць. У турме звычайна ўсе з прафулікам — хто за азартныя гульні, хто за іншае.
«Жанчыны сядзелі ў следчым корпусе, бо турэмны быў цалкам забіты мужчынамі»
У магілёўскай турме ў той час знаходзілася некалькі жанчын. Яны сядзелі ў следчым корпусе, бо турэмны быў цалкам забіты мужчынамі.
«Пры мне ў турэмным корпусе сядзела толькі адна жанчына, у штрафным ізалятары, у яе мянушка была Марышка. Здаецца, яна пасварылася з сукамерніцай і, паколькі не хапала камер, яе туды перавялі. Штрафны ізалятар знаходзіўся ў сутарэннях, яна была ў дальняй камеры, каб ніхто з мужчын не мог з ёй звязацца.
Бачыў яшчэ адну асуджаную — яе звалі Таццяна, нейкая аўтарытэтная крымінальніца, у наколках. Я стаяў у клетцы на прадоле, а яе вялі ў душ мыцца. Крыху перакінуліся словамі. Ёй было гадоў 35, але выглядала яна значна старэйшай.
Умовы ўтрымання не дазваляюць там шыкаваць. Таму жанчыны, каб былі нейкія палёгкі, працавалі ў асобнай камеры — штосьці накшталт прамзоны. Там давалася дробная праца — напрыклад, гумку, як на штанах, толькі шырокую, трэба было аддзяліць ад нітак.
Адзін раз я чуў, як яны бунтавалі з-за цыгарэт — выбілі кармушку ў дзвярах і вочка, хоць гэта вельмі цяжка. Гэта было ў камеры, дзе яны працавалі. Бо на той момант кожная з іх сядзела паасобку — звычайна жанчыны больш агрэсіўна ў такіх умовах адна да адной ставяцца».
«Штомесяц ездзіў у штрафны ізалятар — гэта быў загад зверху»
Больш за 300 сутак у турме Яўген правёў у ізалятары. З рэчаў там дазволены былі адзін вафельны ручнік, гумавыя тапкі, шкарпэткі, роба, шчотка, паста, пластыкавы кубак і мыла. Ні кніжкі, ні цыгарэты нельга. Але людзі, якія сядзелі там, ведалі, як гэта незаўважна пранесці.
«Са жніўня 2012-га я штомесяц ездзіў у штрафны ізалятар — гэта быў загад зверху, як мне намякнуў атраднік. Для мяне ізалятар у нейкім сэнсе быў палёгкай — калі штодзённа знаходзішся ў камеры з аднымі і тымі ж людзьмі, няма магчымасці пабыць аднаму».
Былы палітвязень кажа, што для яго складаным было няведанне: што чакае ў папраўчай установе? Калі становішся дасведчаным, любы рэжым утрымання пераносіць лягчэй.