Да палітвязня-падлетка Мікіты Залатарова не пусцілі на спатканне маці
Мікіта Залатароў — падлетак з эпілепсіяй, адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі. 2 кастрычніка да яго на спатканне не пусцілі маці і не прынялі для яго перадачу.
03.10.2021 / 19:47
Пра гэта БелаПАН паведаміў бацька палітвязня Міхаіл Лапуноў.
«[Маці] павінна была патрапіць на спатканне. Не пусцілі. Сын у ізалятары, сказаў нейкі ўстрывожаны чалавек у форме. Прадукты не ўзялі, усё прывезла назад. Прасіла зрабіць фота, каб пераканацца, што ён жывы. Ахоўнік сказаў, што не дазволена. Вось так, з каменем на душы, і вярнулася дадому», — распавёў бацька.
Мікіту Залатарова затрымалі ў Гомелі 11 жніўня 2020 года. Тады яму было 16 гадоў. Падлетка абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У лютым яго асудзілі на 5 гадоў. А ў ліпені другі суд за «гвалт над міліцыяй» — напад на супрацоўнікаў СІЗА —даў хлопцу яшчэ 1,5 года.