«Ніхто з мужчын не разумее двухсэнсоўнасці». Як выйсці замуж за айцішніка і не развесціся
Пра беларускую мару «замуж за айцішніка», перажыванні мужчын пры расставанні і тое, чаму праграмісты разводзяцца са сваімі жонкамі. Задалі няёмкія пытанні пра адносіны псіхолагу ў ІТ Цімафею Бімбаду.
09.10.2021 / 09:37
«Частае пытанне пасля разрыву: як хадзіць на спатканні?»
Цімафей Бімбад: Так ужо выйшла, што да мяне прыходзяць у асноўным мужчыны, звязаныя з ІТ, для таго каб перажываць расставанне — якое вось-вось здарыцца ці ўжо здарылася. Гэта асноўныя запыты, з якімі я працую апошнія шэсць год.
«Наша Ніва»: Дзіўна чуць, што мужчыны перажываюць расставанне. Звычайна здаецца, што жанчына пакутуе, а мужчына з сябрамі адзначае статус «свабодны».
ЦБ: Я б сказаў, што ўсё наадварот працуе. Бо жанчыны якраз нашмат эфектыўней перажываюць расставанне з сяброўкамі, атрымліваюць больш падтрымкі ад іх. А мужчыны збіраюцца ў барах з сябрамі, на вечарынках. Гэтыя сябры пасля і адпраўляюць іх да мяне, бо разумеюць, што нічым не могуць дапамагчы.
Цімафей Бімбад
«НН»: Чаму мужчынам бывае так цяжка перажыць разрыў?
ЦБ: Пасля разрыву з’яўляюцца абсалютна супрацьлеглыя пачуцці да партнёра. З аднаго боку людзі вельмі сумуюць, а з іншага — ненавідзяць за тое, што чалавек знік з іх жыцця. Адчуваюць нейкую віну ці сорам за тое, што зрабілі ці не зрабілі. Бліжэй да канца перажыванняў з’яўляецца шмат удзячнасці, бо добрыя моманты таксама былі.
Таксама мужчыны адчуваюць стрэс ад адаптацыі ў новым статусе — часта пасля разрыву адносін чакае яшчэ і пераезд, наноў трэба наладжваць быт, інакш прадстаўляцца ў супольнасці. Частае пытанне: як хадзіць на спатканні? Людзі забываюцца, як гэта робіцца, асабліва пасля некалькіх год адносін.
Адзіным пастаянным для мужчын застаецца іх праца. І ў 70% выпадкаў (гэта выбарка тых айцішнікаў, з якімі я ўзаемадзейнічаю) яны пачынаюць больш працаваць. У офісе ёсць людзі, і можна не заставацца ў адзіноце. Другі момант — хлопцы пачынаюць гуляць у гульні. Гэта спосаб пазбягання сваіх перажыванняў. З-за гульняў мужчыны часта кладуцца позна спаць, збіваюць свой графік. Калі недасыпанне цягнецца месяц, гэтага дастаткова, каб пачаць адчуваць першыя сімптомы дэпрэсіі.
«НН»: Да вас звярталіся ў дэпрэсіі пасля расставання?
ЦБ: Так. У такой сітуацыі я пасля першай сустрэчы адпраўляю да псіхіятра для дыягностыкі дэпрэсіі. Па праўдзе кажучы, яшчэ ні разу не было, каб я памыліўся. Калі гэта дэпрэсія ў пачатковай форме, то дастаткова маёй кансультацыі і парад мяняць стыль жыцця, прычым тэрмінова, бо пасля будзе пагаршэнне. А калі чалавек доўга ў такім стане жыў, то патрэбна медыкаментозная падтрымка, бо без яе вельмі павольна ідзе прагрэс нашай працы.
Канечне, усе баяцца псіхіятраў і антыдэпрэсантаў. І часта ў мяне сыходзіць пару месяцаў, каб паказаць, што гэта нармальна, гэта дапаможа сябе лепш адчуваць.
«НН»: Вы распрацоўвалі мабільны дадатак — гульню-серыял, які дапамагае справіцца з разрывам адносін. Наколькі хлопцам заходзіць такі фармат?
ЦБ: Шчыра, не ведаю. Гэта вялікі эксперымент. Я патлумачу, чаму вырашыў гэтым займацца ў такім выглядзе. Я знайшоў амерыканскае даследаванне на тэму бібліятэрапіі. Там праводзілі простыя эксперыменты: людзям з посттраўматычным стрэсавым расстройствам у выніку аперацыі давалі чытаць нейкую кнігу пра пакуты, сум. «Джэйн Эйр», напрыклад, давалі людзям, якія даведваліся, што ў іх рак, і яны знаходзіліся ў шпіталі.
Ад чытання іх узровень стрэсу падаў на 40% адносна тых, хто не чытаў. І даследчыкі лічылі, што эфект звязаны з тым, што кніга адпаведная. Адбываецца адлюстраванне перажыванняў чытача, і яму тады нашмат прасцей паглыбіцца ў свае эмоцыі і неяк іх перапрацаваць.
Мы, сыходзячы з гэтага, выбралі фармат.
Скрыншоты мабільнага дадатку EX ME
Кніг пра расставанне шмат, але яны ўсе жаночыя. А я на сваёй практыцы бачу, што мужчынам таксама дрэнна. Калі я расказваў, што за дадатак мы збіраемся рабіць, мужчыны казалі: «А, гэта як гульня «Romance Club», я бачыў, але мне не спадабалася». Не спадабалася, бо чытаць пра «ў ложку з незнаёмцам» ім не вельмі цікава. Таму ў мяне ёсць гіпотэза, што мужчынам, якія рассталіся, гісторыя расставання хлопца, які гэта па-рознаму перажывае, будзе заходзіць.
«Маладыя айцішнікі, якія пабудавалі паспяховую кар’еру, не могуць знаходзіцца больш са сваімі паловамі»
«НН»: Беларуская мара — замуж за айцішніка. Дзяўчатам, якія мараць пра гэта, да чаго трэба быць гатовымі?
ЦБ: Складанае пытанне: айцішнікі вельмі розныя. Я сутыкаўся са стэрэатыпамі пра айцішнікаў, напэўна, нейкія з іх маюць месца, але ў большай часткай я не згодны. Напрыклад, у псіхатэрапеўтычнай супольнасці доўгі час лічылася, што айцішнікі — вельмі замкнёныя людзі, якія не любяць камунікаваць ні з кім, сядзяць у сваіх камп’ютарах. Мне здаецца, гэта было звязана з тым, што толькі такія даходзілі да псіхатэрапеўтаў. Але ў офісе я такіх сустракаў мала.
Як правіла, замкнёнымі бываюць бэк-энд распрацоўшчыкі, якія працуюць з абстрактнымі паняццямі, з кодамі. Такі склад характару сапраўды спрыяе таму, каб доўга аперыраваць абстрактнымі рэчамі.
Усе астатнія ў ІТ — вельмі нават гаваркія хлопцы, асабліва тыя, каму даводзіцца шмат працаваць з заказчыкамі. Дызайнеры, фронт-энд распрацоўшчыкі, проджэкт-менеджары, бізнэс-аналітыкі. Яны дакладна не трапляюць у гэту групу. Хаця нейкая замкнёнасць неабходна як навык, каб доўга глядзець у экран і заставацца засяроджаным.
Я ведаю, што некаторыя жонкі доўгі час не разумелі, што робяць іх мужы за камп’ютарамі. Асабліва падчас пандэміі, калі хлопцы працавалі з дома. Некалькі чалавек расказвалі, што жонкам здавалася, што яны проста ў камп’ютар гуляюцца, а яны працуюць і стамляюцца больш, чым на вытворчасці, дзе былі раней. Пісаць код — гэта інтэлектуальна складаная задача.
Таму спадарожніцы айцішніка трэба быць гатовай, што ўвечары чалавек стомлены і ў стрэсе, хоць фармальна сядзеў на месцы і глядзеў у экран.
Другая праблема — калі маладыя айцішнікі, 25-27 год, якія паспелі жаніцца і пабудаваць паспяховую кар’еру, не могуць знаходзіцца больш у адносінах са сваімі паловамі. Бо за час працы ў іх з’явіліся еўрапейскія каштоўнасці, а жонкі, ніяк з гэтай сферай не звязаныя, засталіся там жа, дзе пачыналі.
Напрыклад, жонка — умоўная медсястра, без амбіцый, а ў мужа за пяць год у ІТ пастаянна новыя курсы, рост заробку ў 4-5 разоў. У яго больш няма мары проста пабудаваць кватэру: бо які ў гэтым сэнс, калі танней здымаць? Навошта купляць машыну, калі няма дзяцей і яна не патрэбна штодзень, і можна карыстацца каршэрынгам? Каштоўнасці міленіялаў, якія ідуць у разрэз з класічнымі, прынятымі ў грамадстве.
«НН»: А што жанчыне рабіць у такім выпадку?
ЦБ: У мяне ёсць адказ, але не ўпэўнены, што ён карэктны. З таго што я бачу — побач застаюцца дзяўчыны, якія таксама ў нечым развіваліся. Такой праблемы ў адносінах няма ў амбіцыйнай доктаркі. У сітуацыі, калі жанчына ходзіць на курсы ангельскай, любіць падарожнічаць ці маляваць, удзельнічае ў грамадскіх ініцыятывах, усё ў парадку. Але гэта маё бачанне.
«Мужчыны з ІТ эканомяць, бо так прывыклі»
«НН»: Пра мужа-айцішніка мараць, бо ён добра зарабляе. Якое стаўленне да грошай у тых, хто працуе ў гэтай сферы, наколькі яны гатовы купляць футры сваёй жанчыне?
ЦБ: Рознае стаўленне — ад скнараў да транжыр, якія ў даўгах. Але часцей я сутыкаюся з кейсам, калі даводзіцца падштурхоўваць людзей інакш распараджацца грашыма. Пасля расставання ў іх адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў: яны разумеюць, што шмат зарабляюць, але гэтыя грошы не прыносяць ім, асабліва будучы адзінокімі, задавальнення, бо яны іх не трацяць. У мужчын, як правіла, ёсць добры камп’ютар, звычайны тэлефон, не апошняй мадэлі, і сярэдняга класу машына.
Яны эканомяць, бо так прывыклі. Калі пачыналі сустракацца са сваёй паловай, яны вучыліся на апошнім курсе, было не так шмат грошай, і яны працягваюць весці той жа жыццёвы стыль.
А калі грошай становіцца больш, чым можна патраціць, людзі перастаюць працаваць. Для сферы гэта дрэнна, бо прыводзіць да дэградацыі прафесіі, губляюцца навыкі, тэхналогіі.
Заўважыў, што мужчынам у прынцыпе часта складаней купіць нешта сабе, чым жонцы.
«НН»: Ёсць стэрэатып, што ў айцішнікаў не надта развіта інтуіцыя і яны не ўмеюць счытваць жаночыя эмоцыі, двухсэнсоўнасць. Наколькі гэта праўда?
ЦБ: Абсалютная праўда, я таксама, калі шчыра, не ўмею. Я не ўмею фліртаваць у чатах, бо бачу тэкст, які патэнцыйна можа несці не адзін-два сэнсы, а 10 адразу. І тады нічога не застаецца, як разумець яго літаральна, бо занадта вялікая варыябельнасць. Ды насамрэч ніхто з мужчын не разумее двухсэнсоўнасць. Гэта стварае няправільную камунікацыю і разбурае любыя адносіны.
У замкнёных дзяўчат часта не складаюцца адносіны, бо яны не праяўляюць сваіх пачуццяў, а партнёр не можа нічога счытаць. Усе добра счытваюць эмоцыі, якія перадаюцца праз міміку, жэсты, позы. А калі на твары нічога не выяўляецца, менш шанцаў пабудаваць адносіны.
У айцішцы ёсць працэнт людзей (якіх я ўмоўна назваў бэк-энд распрацоўшчыкамі) з эмацыйным інтэлектам ніжэйшым, чым у астатніх. Ім складана выказваць свае пачуцці і разумець чужыя.
«Папулярны тып адносін — людзі сустракаюцца два-тры месяцы, а пасля наступны партнёр»
«НН»: Айцішнікам прыпісваюць вернасць. Супадае з рэальнасцю?
ЦБ: З вернасцю ў іх абсалютна гэтак жа, як і ў іншых мужчын. Хаця я б адзначыў адну тэндэнцыю. Ёсць тры папулярныя тыпы адносін: класічныя з адным партнёрам; палігамнасць, калі ёсць каханкі; і серыйная манагамнасць. Апошняе — гэта калі людзі сустракаюцца, але толькі месяцы два-тры. У іх заканчваецца цукерачна-букетны перыяд, а пасля наступны партнёр.
Ілюстрацыйнае фота
Гэта трэнд агульнасусветны, і ў айцішцы яго шмат становіцца. На мой густ, гэта тая ж палігамнасць, толькі калі маральныя прынцыпы не дазваляюць быць з некалькімі партнёрамі, таму трэба быць з адным, але нядоўга, каб пасля пераключыцца на іншага.
Думаю, такі тып адносін характэрны для людзей дастаткова амбіцыйных, якія пазбягаюць прывязаннасцяў. Яны звычайна моцна абапіраюцца на сваіх сяброў — як вечныя падлеткі, у якіх ёсць свая кампанія, каб весяліцца.
Можа, гэта звязана з культурай, што мы ўсё больш адрываемся ад месца жыхарства, бо можна працаваць дыстанцыйна, ад пастаяннага дома, бо прасцей змяніць здымную кватэру з пераходам на новую працу.
Ёсць даследаванне, што цяпер сярэдні шлюб цягнецца 10 год, таму разлічваць, што ты з чалавекам правядзеш усё жыццё, не даводзіцца.
«НН»: Чаму праграмісты і тэсціроўшчыкі звычайна разводзяцца?
ЦБ: Праз розныя каштоўнасці. Той кейс, калі пачалі сустракацца студэнтамі, адзін чалавек цалкам змяніўся, а другі застаўся такім жа, і яны не могуць знаходзіцца разам, бо ў іх розныя інтарэсы. Яны пачынаюць тады раздражняць адно аднаго. Мне здаецца, гэта агульны трэнд. Людзі цяпер мяняюць некалькі прафесій за жыццё, хутчэй змяняюцца самі, чым раней, калі ўсё жыццё працавалі на адным заводзе.
«НН»: Ёсць лайфхакі, як закахаць у сябе айцішніка?
ЦБ: У мяне няма адказу — усе розныя людзі.
«НН»: Дзе часцей можна сустрэць супрацоўнікаў ІТ, калі не ў офісе?
ЦБ: У ціндары (усміхаецца). Даволі забаўна бачыць людзей, якія сур’ёзныя сядзяць на нарадах у карпарацыі і пад сталом гартаюць ціндар. Цяпер, я думаю, гэтага яшчэ больш, калі ўсе працуюць з дому.