Расія ставіць заслон беларускаму мясу
Рассельгаснагляд 21 ліпеня ўвёў часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расію прадукцыі ААТ «Гомельскі мясакамбінат» і ААТ «Брэсцкі мясакамбінат».
21.07.2009 / 17:59
Рассельгаснагляд 21 ліпеня ўвёў часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расію прадукцыі ААТ «Гомельскі мясакамбінат» і ААТ «Брэсцкі мясакамбінат».
Як паведамляецца на афіцыйным сайце ведамства, забарона ўведзена «ў сувязі з выяўленнем пры маніторынгавых даследаваннях забароненых і шкодных рэчываў у жывёлагадоўчай прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў».
«У выпадку паступлення прадукцыі гэтых прадпрыемстваў, адгружанай да 21 ліпеня 2009 года, рашэнне аб пропуску грузаў прымаецца ў звычайным рэжыме», — гаворыцца ў паведамленні.
У чэрвені паміж Расіяй і Беларуссю разгарэўся «малочны скандал»: Рассельгаснагляд забараніў увоз беларускай малочнай прадукцыі, не аформленай у адпаведнасці з патрабаваннямі новага тэхнічнага рэгламенту РФ. У выніку бакі дасягнулі кампрамісу. Пастаўкі часткова былі адноўленыя, аднак да 1 жніўня беларускі бок павінен выканаць патрабаванні тэхрэгламенту.