«Людзі пыталіся, ці будзе грахом прышчапляцца». Што альшанскі пастар кажа пра вакцынацыю?

У 8-тысячнай вёсцы Альшаны за ўвесь час працы пункта вакцынацыі прышчапіўся толькі адзін чалавек, і той — з іншай вёскі. Мабільны пункт у выніку закрылі. Нежаданне вакцынавацца мясцовая раёнка звязала з рэлігійнымі перакананнямі мясцовых жыхароў, якія лічаць, што вакцына «ад нячыстага». А што кажа альшанскі пастар? «Наша Ніва» звязалася з ім.

15.10.2021 / 16:07

Пастар Васіль Сімановіч. Скрыншот з трансляцыі службы

«Няпраўда, што мы пераконваем людзей не прышчапляцца. У царквы няма прадузятасці. Мы не вучым: маўляў, гэта грэх, не ідзіце, — адказаў пастар царквы хрысціян веры евангельскай Васіль Сімановіч. — У нас стаўленне такое — гэта права кожнага чалавека. І калі чалавек лічыць патрэбным прышчапіцца — ніякіх праблем з нашага боку няма.

Да мяне звярталіся людзі па парады. Казалі некаторыя, што іх прымушаюць прышчапляцца на працоўных месцах. Пыталіся: як вы лічыце, ці будзе грахом прышчапляцца? Я даў такі адказ: ні ў якім разе, можаце смела вакцынавацца.

А з іншага боку, схіляць людзей мы не маем права — ні з аднаго, ні з іншага боку. Гэта не рэлігійнае пытанне — пытанне выключна здароўя людзей. І кожны мае права на сваё меркаванне. Але забароны на рэлігійнай глебе няма».

Па словах пастара, у Альшанах усё ж ёсць некалькі вакцынаваных. Сваякі яго, напрыклад, рабілі прышчэпку, але не ў мабільным пункце. Сам пастар яшчэ не вакцынаваўся.

На трансляцыях з апошніх службаў бачна, што прыхаджане ў царкве носяць маскі.

Чытайце таксама:

«Даводзілася выбіраць, аддаць прэпарат пажылому пацыенту ці пакінуць для больш перспектыўнага». Былая доктарка пра жахлівае закуліссе эпідэміі

Nashaniva.com