Гуцэрыеў апратэстуе ў Судзе Еўрасаюза ўключэнне ў санкцыйныя спісы з-за сувязі з Лукашэнкам
Расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў (60-е месца ў рэйтынгу Forbes) падаў пазоў у Суд Еўрсаюза ў Люксембургу з патрабаваннем прызнаць незаконнымі санкцыі ЕС, уведзеныя супраць яго ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі. Інфармацыя аб пазове апублікаваная ў часопісе Еўрасаюза, перадае РБК.
19.10.2021 / 16:24
У абгрунтаванне пазову прыводзяцца тры довады:
Рада Еўрасаюза дапусціла відавочную памылку ў ацэнцы, палічыўшы здавальняючымі крытэрыі для ўключэння Гуцэрыева ў санкцыйны спіс;
Рада парушыла асноўныя правы заяўніка, уключаючы права на прыватнае жыццё, абарону, уласнасць і свабоду вядзення бізнэсу;
Тлумачэнне крытэрыяў уключэння ў спіс, якія маюць на мэце любую форму падтрымкі або выгады, — незаконнае.
Міхаіл Гуцэрыеў 21 чэрвеня трапіў пад санкцыі ЕС супраць Беларусі, уведзеныя ў тым ліку ў сувязі з вымушанай пасадкай рэйса Ryanair у Мінску, на якім ляцеў Раман Пратасевіч. Рада ЕС патлумачыла ўвядзенне санкцый супраць расійскага бізнэсмена тым, што ён даўні сябар Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму мае ўплыў у палітычнай эліце Беларусі.
Днямі стала вядома, што такія ж пазовы ў Суд Еўрасаюза падалі падсанкцыйныя МАЗ, БелАЗ і «Белаэранавігацыя».