«Лукашэнка — красаўчык». Хто тыя эксперты, каго выкарыстоўвае дзяржпрапаганда

На беларускім тэлебачанні і на праўладных сайтах з’яўляецца ўсё больш адыёзных экспертаў, гатовых бараніць беларускія ўлады. У сюжэтах з’явіўся дэсант замежных каментатараў з выключна прарасійскімі поглядамі. Шмат год яны галоўныя спікеры ў прапагандысцкіх праграмах на расійскім ТБ. Але што цікава: хваліць Лукашэнку яны гатовыя роўна да таго моманту, пакуль той не супярэчыць Крамлю і не паглядае ў бок Захаду. У адваротным выпадку — прадракаюць ягоны канец у Гаазе. 

25.10.2021 / 12:47

«Што было б з Беларуссю, калі б не Лукашэнка? Яна б проста здохла»

Распачынае спіс расійскі тэлевядучы Сяргей Міхееў, часты госць праграмы Уладзіміра Салаўёва. Мае выразныя праімперскія погляды, падкрэслівае, што без Расіі ў Беларусі няма ніякай будучыні. Крытыкуе палітыку заходніх уладаў у дачыненні да постсавецкіх краін, безумоўна падтрымаў анексію Крыма і стаў кіраўніком экспертна-кансультатыўнай рады пры самаабвешчанай уладзе ў Крыме. У 2014-м тэлевядучы абвешчаны непажаданай персонай у Еўрасаюзе, па ягоных словах, за пазіцыю па ўкраінскім пытанні.

Фота: глас.ру.

Калі над Беларуссю развярнулі самалёт Rynair, Міхееў сустрэў гэтую навіну натхнёна: «Лукашэнка — красаўчык, — заявіў ён. — Аляксандр Рыгоравіч «паімеў» Еўрасаюз, прычым жорстка і адназначна. Я ацэньваю гэты эпізод як вельмі бадзёры. У свеце патрэбны баланс. У некаторых людзей, асабліва маладых і апазіцыйна настроеных, узнікла дзіўная ілюзія, што знаходзячыся ў сваіх сацыяльных сетках, яны нібыта пераўтварыліся ў згустак малекул, такіх няўлоўных, і перацякаюць з аднаго рэгіёна свету ў іншы, нібыта ім няма чаго баяцца. Іх ужо раздзьмула ад гэтага нахабства.

І мы ўбачылі праўду жыцця, якая заключаецца ў старой рускай прыказцы: супраць лому няма прыёму. У праціўнікаў Лукашэнкі лому няма. Лукашэнка прадэманстраваў простую рэч: пакуль дзяржава пакідае за сабой права легітымнага гвалту, з ёй зладзіць вельмі складана. Ніякія каляровыя тэхналогіі, лічбавыя сеткі не дапамогуць».

Нагадаем, што кейс з самалётам Rynair стаў трыгерам для ўвядзення сектаральных санкцый з боку ЕС, апроч таго, авіякампанія «Белавія» спыніла пералёты ў еўрапейскія краіны, а еўрапейскія перавозчыкі сталі абмінаць неба Беларусі. 

Сваімі поспехамі, паводле Міхеева, Беларусь абавязаная Лукашэнку:

«Расказаць вам, што было б у Беларусі, калі б там не было Лукашэнкі? Краіна, якая не мае ўласных карысных выкапняў, краіна, у якой былі забітыя ўсе прадпрыемствы, што сёння жывуць там у значнай ступені за кошт дзяржаўных датацый. Была б тэрыторыя, якая жыла б толькі на адным: на атрыманні транзіту з расійскай нафты і газу, якія ідуць у Польшчу. Беларусь была б адной з самых бедных краін на постсавецкай прасторы. Без сумневаў, яна б проста здохла».

Але не ўсё так адназначна з пазіцыяй эксперта. Як толькі Лукашэнка дазваляе сабе крытыку ў бок Расіі, як гэта было напярэдадні апошніх выбараў, калі заходзіла гаворка пра расійскую руку і раскачванні незадаволенасці, пра расійскіх наймітаў, якія хаваюцца ў беларускіх лясах, Міхееў рэзка змяняе сваю рыторыку: 

«Кажуць, Аляксандр Рыгоравіч пакрыўдзіўся на Маскву за тое, што яму не далі столькі грошай, колькі ён хацеў. Але, прабачце, а тое, што амаль 30 гадоў Беларусь і як дзяржава, і як палітычны рэжым, і як эканамічная мадэль існавала за кошт добрых адносін з Расіяй цяпер амаль нічога не значыць? Вось сёння Аляксандру Рыгоравічу трапіла ляйчына пад хвост — і трэба ўсё зруйнаваць? Гэта выглядае, мякка кажучы, непрыстойна і несалідна».

Але пасля выбараў, як мы памятаем, Лукашэнка адумаўся і стараецца расійскі бок не крытыкаваць. Таму і Міхееў шчодры на кампліменты, вось як ён пракаментаваў ягоны выступ 22 чэрвеня, у дзень пачатку вайны:

«Ён гаварыў ад душы і прамаўляў «мы» ў дачыненні да важных гістарычных паралеляў. Ён казаў ад асобы агульнай краіны, агульнай гісторыі. Гэта быў не толькі выступ прэзідэнта Беларусі, гэта быў выступ чалавека, які асацыюе сябе з агульнай гісторыяй вялікай краіны, якая 22 чэрвеня падверглася вераломнаму нападу. Пад усім, што сказаў ён, можа падпісацца і любы грамадзянін Расіі, які любіць сваю Радзіму і памятае гісторыю». 

«Еўрапейская інтэграцыя яго да дабра не давядзе, а вось да Гаагі — можа»

Такую ж «лаяльнасць» да сістэмы Лукашэнкі дэманструе яшчэ адзін эксперт дзяржаўнай прапаганды — расійскі журналіст Армэн Гаспаран, ён жа аўтар даволі папулярных кніг па гісторыі з выразна прарасійскім поглядам на развіццё падзей. За свае выказванні пра вайсковы канфлікт ва Украіне быў уключаны ў спіс непажаданых асоб у Малдове. Гаспаран ахвотна падтрымлівае дзеянні Лукашэнкі. Ягоны візіт у СІЗА КДБ журналіст назваў «шырокім жэстам», «дыялогам з апазіцыяй». 

Фота: ІА «Спутник»

«Ён кажа: добра, калі вам усім патрэбныя перамены, давайце, канстытуцыйная рэформа — давайце, галасуем за папраўкі ў Канстытуцыю і пасля гэтага праводзім перавыбары. Апазіцыя на гэта не адказвае ніяк. Хоць калі ўдумацца, менавіта незадаволенасць выбарнай сістэмай называлася як пануючая, рухаючая сіла ўсяго гэтага апазіцыйнага пратэсту. Лукашэнка сустрэўся ў СІЗА КДБ з прадстаўнікамі апазіцыі. Здавалася б, вось гэта тое, пра што вы кажаце. Калі ласка, пачатак канструктыўнага дыялогу, абмеркавання вось гэтых канстытуцыйных паправак. Ізноў раздаюцца галасы з Польшчы і Літвы: не трэба нічога з ім абмяркоўваць, працягваем выходзіць на вуліцы».

Самі ўдзельнікі сустрэчы з Лукашэнкам адзначалі, што да апошняга не ведалі, куды іх вядуць, усе яны былі вязнямі, затрыманымі па палітычных справах. Адмовіцца ад удзелу, як сцвярджалі адразу некалькі палітыкаў, было проста немагчыма. Пры гэтым падрыхтавацца да сустрэчы ім не далі. Канструктыўнага дыялогу не выйшла, казалі палітвязні, паколькі Лукашэнка паўтараў як мантру тэзісы пра тое, што ён перамог на выбарах, колькасць удзельнікаў пратэстаў малазначная, ні на якія саступкі ён не пайшоў. Большасць удзельнікаў той сустрэчы па сёння знаходзіцца за кратамі. Віктар Бабарыка, напрыклад, ужо ў калоніі — ён атрымаў 14 гадоў зняволення. 

Але вернемся да Гаспарана. Праз месяц ён выдаў зусім іншы па танальнасці каментар пра Лукашэнку, калі той наважыўся загаварыць пра аднаўленне адносін з Захадам. 

«Лукашэнка вельмі моцна загуляўся, — казаў Армэн Гаспаран. — Ён да канца не разумее складанасць сітуацыі, у якой аказаўся. І праблема нават не ў санкцыях Еўрасаюза і не ў тым, што ЕС аддасць грошы не краіне, а гэтым дзеўбанутым грамадзянскім актывістам. Праблема ў тым, што Лукашэнку паказалі (на Захадзе — заўв. НН), што ён ніколі не будзе ўспрымацца «сваім», ён заўсёды будзе «зусім чужым».

Ён у гэта не хоча паверыць. Я не ведаю, ці то ён шчыра ў гэта не верыць, ці то гэта Макей, які адышоў ад стану анафілактычнага шоку пасля жніўня, ізноў задумаў заскокнуць у шматвектарнасць, ці то Лукашэнка лічыць: ну, добра, пасварыліся і разышліся. Лічу, што гэта надзвычай памылковая пазіцыя, яна нічога не дае самому Лукашэнку, нічога не дае Беларусі, і гэта фіялетава Еўрасаюзу, які зрабіў стаўку на Ціханоўскую.

Лукашэнка ў гэтай канфігурацыі чужы. Я б параіў яму перастаць смяшыць людзей такімі заявамі і заняцца тым, што ў яго атрымліваецца добра, — гэта будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Еўрапейская інтэграцыя яго да дабра не давядзе, а вось да Гаагі — можа».

Зразумела, што беларуская прапаганда выкарыстоўвае такіх экспертаў у патрэбным кантэксце: калі яны падтрымліваюць Лукашэнку, ім даюць слова, а вось крытыкуюць яны яго на іншых рэсурсах, белТБ такое ў эфір не дае.

«Назіраючы за Лукашэнкам, я не магу зразумець ступень ягонай адэкватнасці»

Яшчэ адзін эксперт, які выступае адвакатам Лукашэнкі, — сталініст Сяргей Кургінян, які жыве ў расійскім тэлевізары, колькі той існуе, і ўжо 30 гадоў не губляе надзеі вярнуць Савецкі Саюз. Вось тыповае ягонае выказванне: «Пра Беларусь я шмат гадоў кажу адно і тое ж. Лукашэнка пабудаваў, як ён кажа, прыгажуню Беларусь — гэта праўда. Ён вельмі шмат зрабіў для краіны, ён сапраўды зрабіў добрую сацыяльную дзяржаву, моцна яе добраўпарадкаваў. Тыя, хто выступае супраць Лукашэнкі, не разумеюць, што яны губляюць».

Фота: РБК

А вось што казаў пра Лукашэнку Кургінян адразу пасля выбараў-2020: «Галоўнае пытанне — гэта пытанне адэкватнасці лідара. Калі людзі знаходзяцца ва ўладзе, яны губляюць здольнасць змагацца за ўладу, а чалавек павінен змагацца за ўладу кожную секунду, пакуль ён у ёй знаходзіцца. Увесь час, назіраючы за Лукашэнкам, я не магу зразумець ступень ягонай адэкватнасці ў адносінах да таго, што адбываецца». 

Кожны раз, калі Лукашэнка заяўляе пра каштоўнасць суверэнітэту Беларусі, сімпатыі Кургіняна знікаюць. Ён лічыць, што калі Лукашэнка не адмовіцца ад ідэі суверэнітэту Беларусі ад Расіі, «ягоны рай на хутары знішчыць адна Польшча». Гэта, праўда, па беларускім тэлевізары трансліраваць не спяшаюцца.

«Выстаяць можна, толькі стварыўшы адзіны кулак, — кажа сталініст Кургінян. — І не за Еўразію людзі будуць паміраць, а за матухну Русь, так? Гэта ж зразумела. Значыць, пытанне ўзнікае, калі сказана «А», такі напор на маленькую Беларусь, тады час казаць «Б» і казаць, што гэта адзіны народ, адзіная дзяржава, падзеленая па волі Захаду, які хоча яго знішчыць».

Так што ступень лаяльнасці расійскіх экспертаў, якіх выкарыстоўвае беларуская прапаганда, напрамую залежыць, ці апраўдвае Лукашэнка чаканні Расіі, а інакш пернік можа хутка стаць пугай. 

«Экспертам я ніколі не быў»

Асобна ідуць так званыя заходнія эксперты, якія пры найбліжэйшым разглядзе аказваюцца былымі савецкімі грамадзянамі. Напрыклад, аналітык з Ізраіля Якаў Кедмі, які ў 90-я кіраваў службай, якая спецыялізавалася на вывазе габрэяў у Ізраіль шляхам спецаперацыі.

Скрыншот: тэлеканал «Расія»

Тут варта адзначыць, што сваю пасаду эксперт пакінуў са скандалам: яго абвінавацілі ў карупцыі. На шоу Салаўёва Кедмі назваў Сталіна «апошнім дзяржаўным дзеячам, які думаў пра краіну». А ў 1968-м ён даслаў ліст ў Вярхоўны Савет СССР, дзе асуджаў палітыку антысемітызму. Проста нагадаем, апошняй гучнай справа сталінскага тэрору была «справа дактароў», большасць з якіх былі габрэямі. У савецкай арміі Якаў служыць не захацеў, ён заявіў чэкістам, што ягоная радзіма — Ізраіль, толькі там ён гатовы служыць, у 1969-м яму дазволілі пакінуць СССР. 

«Экспертам я ніколі не быў, — шчыра кажа Якаў Кедмі. — Проста мой жыццёвы досвед дазваляе мне разважаць больш ці менш прафесійна аб шматлікіх справах, у тым ліку і вайскоўцаў». 

На беларускім ТБ Кедмі стаў экспертам і па санкцыях. «Санкцыі ў дачыненні да Беларусі — ад бяссілля, яны нічога не могуць зрабіць.Ніколі заходнія санкцыі не прыводзілі да змены ўлады, рэжыму ні ў адной краіне, пачынаючы з санкцый супраць Савецкага Саюза 1922 года і сканчваючы апошнімі санкцыямі супраць Ірана. Я не падтрымліваю палітыку Ірана, але санкцыі, можна сказаць, безнадзейныя».

Ёсць і больш яркія персоны — былы дэпутат Бундэстага Вальдэмар Герт, у мінулым сакратар ВЛКСМ у Казахстане, у 90-я ён, дзякуючы нямецкаму паходжанню, пераехаў у Германію.

Фота: Getty Images

Герт — сябра ультраправай папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі», некаторыя чальцы якой маюць расісцкія, антысеміцкія і неанацысцкія погляды. Сустаршыня партыі вядомы сваімі радыкальнымі заявамі, што немцы могуць ганарыцца подзвігамі сваіх салдат у Першую і Другую сусветныя войны. Партыйцы асуджаюць санкцыі супраць Расіі і падтрымліваюць дзеянні расійскіх вайскоўцаў у Сірыі і Украіне. Ну а Герт спрабуе быць адвакатам Лукашэнкі на Захадзе:

«Калі фрау фон дэр Ляен кажа ў адкрытую, што мы выдзелілі 60 мільёнаў для таго, каб няўрадавыя камерцыйныя арганізацыі мелі магчымасць скінуць Лукашэнку, і пры гэтым кажа, што спрабуе выйсці з ім на кантакт, а ён не адказвае… Гэта да якой ступені трэба быць ужо маразматыкам? Я гэта сказаў з трыбуны Бундэстага. Я ім сказаў: уяўляеце, калі хтосьці нам такое (зробіць — заўв. НН), не ведаю, якая там краіна, не буду браць Расію. Трызненне. Але насамрэч гэта трызненне стала паўсядзённым рытарычным элементам нашага істэблішменту. Гэта сведчыць пра тое, што ідзе дэградацыя не толькі самой палітычнай сістэмы, але яна закранула ўжо і розум людзей. Калі санкцыі з'яўляюцца самай галоўнай палітычнай зброяй. Пра якую высокую дыпламатыю можа ісці гаворка? Яна скончылася 20 гадоў таму». 

«У Бундэстагу назвалі цыркам будаўніцтва сцяны на мяжы Літвы і Беларусі» — з такім загалоўкам выйшла расійская газета «Известия». Матэрыял абапіраецца на выказванне таго самага Герта і, як беларуская прапаганда, спрабуе выдаць меркаванне аднаго з 709 дэпутатаў — выхадца з СССР — за меркаванне ўсяго парламента. Пры гэтым замоўчваецца, што Герт — прадстаўнік партыі, якая мае цесныя сувязі з Крамлём і актыўна выступае за прызнанне Крыма расійскім.

Барацьба з «антыбелым расізмам»

Але самым экстравагантным экспертам з’яўляецца палітолаг, ён жа літаратар, Анатоль Ліўры, які, зразумела ж, таксама паходзіць з Савецкага Саюза, у 90-я з’ехаў у Францыю.

Ліўры выкладае ў Ніцы на факультэце славістыкі, але вядзе барацьбу з «антыбелым расізмам». Што гэта такое? Паводле Ліўры, гэта «істэрычны фемінізм, інфантыльны экалагізм, агіда да традыцыйнай веры і нармальнай сям’і і, самае галоўнае, азвярэлая злосць да псіхічнаўраўнаважанага мужчыны». Вы спытаеце, якое гэта мае дачыненне да палітыкі ў Беларусі? 

Фота: скрыншот YouTube

«У мяне ёсць магчымасць прадаставіць на падносе аналітыкам тое, што яны нават не бачаць, — адказвае на беларускім тэлебачанні палітолаг-літаратуразнаўца. — Тыя самыя падвойныя стандарты, у якіх жыве заходняе грамадства, якое кідае на адрас Лукашэнкі, што б ён ні зрабіў. Чаму гэта адбываецца? Таму што ён спрабуе падтрымліваць традыцыйную ідэнтычнасць». 

Зафіналіць спіс «еўрапейскіх» экспертаў можна кіраўніком Камуністычнай партыі ў Каталоніі. 25-гадовы Альберт Санцін адрасціў вусы, паверыў у ідэі камунізму, паставіў у кабінеце бюст Сталіна і партрэт Лукашэнкі і заснаваў Асацыяцыю падтрымкі Беларусі. Чым займаецца арганізацыя і як падтрымала Беларусь, невядома.

 

Фота: са старонкі ў Фэйсбуку Альберта Санціна

Санцін — часты госць у Мінску, ён пазіруе на здымках з мясцовымі камуністамі, сілавікамі (ён падтрымлівае іх жорсткасць) і чыноўнікамі, а ў канцы года зарэгістраваў шлюб з беларускай. Задача Альберта на беларускім ТБ прадказальная: хваліць уладу ў Беларусі, крытыкаваць уладу ў Іспаніі. Беларусам ён расказвае, што тыя не цэняць, што маюць, і нават не ведаюць, што жывуць лепш за іспанцаў. Толькі паглядзіце:

«У Іспаніі больш за 50% маладых людзей не працуюць і не вучацца. 40% насельніцтва Андалузіі беспрацоўныя, або, напрыклад, у такіх гарадах, як Сеута і Мелілья, 50% насельніцтва жыве за рысай беднасці. Калі надыходзіць зіма ў Іспаніі, многія сем'і не могуць падключыць ацяпленне, таму што ў іх няма грошай». 

Што праўда, пакуль не назіраецца шмат ахвотных прамяняць жыццё ў Іспаніі на жыццё ў Беларусі. Нават сам Альберт прыязджае ў Мінск у госці, але жыве з жонкай-беларускай у Іспаніі. 

Nashaniva.com