Прэм'ер Грузіі пра галадоўку Саакашвілі: У чалавека ёсць права на самагубства
Улады Грузіі адмаўляюцца перавесці экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі з турмы ў прыватную клініку, бо асцерагаюцца беспарадкаў у медустанове.
29.10.2021 / 12:30
Іраклій Гарыбашвілі
Пра гэта прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі заявіў у інтэрв'ю тэлекампаніі «Імедзі».
Гарыбашвілі сцвярджае, што шпіталізацыя ў бальніцу грамадзянскага сектара, дзе «няма ніякіх умоў бяспекі, — гэта частка «плана Саакашвілі».
«Згодна з яго планам, мы павінны перавезці яго ў прыватную клініку. (…) Далей іх план заключаецца ў тым, каб мабілізаваць некалькі тысяч чалавек, 4-5 або 10 тысяч. Нам прыйдзецца расстаўляць паліцыю, прымяняць спецыяльныя сродкі і знаходзіцца ў вечным хаосе і беспарадках», — сказаў Гарыбашвілі.
Каментуючы галадоўку экс-прэзідэнта, ён таксама заявіў, што «ў чалавека ёсць права на самагубства» і дзяржава не нясе адказнасці за гэта.
«У законе напісана, што ў чалавека ёсць права на самагубства. Калі чалавек вырашыць забіць сябе, то ён можа забіць сябе, аднак, вядома ж, дзяржава адказнасць за гэта не возьме», — сказаў ён.
Саакашвілі быў затрыманы 1 кастрычніка ў Тбілісі пасля таго, як таемна прыбыў з Украіны. Ён змешчаны ў турму на падставе вынесеных раней судом пастаноў, яму пагражае да шасці гадоў турмы.