У Беларусі зачыняецца офіс USAID

У Мінску закрываецца офіс USAID пры пасольстве ЗША (агенцтва па міжнародным развіцці). 

29.10.2021 / 13:22

Аддзел займаўся праграмамі па міжнародным развіцці і сувязямі з грамадскасцю ў Беларусі.

«20 кастрычніка 2021 года беларускія ўлады праінфармавалі Злучаныя Штаты аб прыняцці новых мер, накіраваных на тое, каб перашкодзіць функцыянаванню Амбасады ЗША ў Мінску шляхам прымусовага закрыцця Аддзела па сувязях з грамадскасцю, Агенцтва па міжнародным развіцці і, у тым ліку, Амерыканскага цэнтра ў Мінску. Беларускія ўлады прымушаюць Амбасаду спыніць працу з больш чым дваццаццю беларускімі супрацоўнікамі.

Гэтыя дзеянні паказваюць глыбокую няўпэўненасць беларускіх уладаў у галіне дыпламатыі, міжнародных стасункаў і незалежнай грамадзянскай супольнасці. Злучаныя Штаты не будуць адмаўляцца ад сваіх абавязацельстваў, каб спрыяць развіццю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і падтрымліваць памкненне беларускага народа будаваць больш перспектыўную будучыню ў свабоднай і незалежнай Беларусі. Гэтыя апошнія меры не прымусяць нас адмовіцца ад дзеянняў, якія прыносяць карысць беларускаму народу і якія спрыяюць развіццю зносін паміж нашымі грамадзянамі», — гаворыцца ў заяве спецпасланніка па Беларусі Джулі Фішэр.

***

Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) дзейнічала ў Беларусі з 1990-х гадоў. Асноўнай яго задачай была дапамога беларусам, у тым ліку праз падтрымку прадпрымальніцтва, малых і прыватных прадпрыемстваў. Агенцтва дапамагала сем'ям у пацярпелых ад радыяцыі раёнах, сіротам. З 2020 года USAID актыўна ўключылася ў дапамогу ў барацьбе з COVID-19.

Nashaniva.com