Памятаеце міліцыянера, які паваліўся на выбарчым пікеце з удзелам Ціханоўскага? Яго за адну гадзіну абразілі больш за тысячу раз
У судзе Савецкага раёна Мінска 27 кастрычніка паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» асудзілі 57-гадовага Андрэя Васілеўскага. Мужчыну прызналі вінаватым у абразе супрацоўніка міліцыі з Гродна Уладзіміра Казлоўскага — таго самага міліцыянта, які паваліўся на зямлю падчас тузаніны 29 траўня мінулага года на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, паведамляюць праваабаронцы.
29.10.2021 / 16:11
Паводле версіі абвінавачвання, Васілеўскі пакінуў каментар у «Аднакласніках» пад допісам Вольгі Карач са словам «мразь». На той момант Казлоўскі працаваў старшым участковым, цяпер ён — начальнік штаба УУС Ленінскага раёна Гродна. Васілеўскага, які мае другую групу інваліднасці ў сувязі з праблемамі з сэрцам, трымалі пад вартай за каментар амаль месяц. Пасля абвяшчэння прысуду яго вызвалілі ў зале суда. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Волк, дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Уладзімір Рабаў.
Год таму ў Гродне затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Вось як гэта было
«Бедны і маленькі міліцыянт ўпаў да маіх ног». На 63-гадовую пенсіянерку з Гродна завялі адміністрацыйную справу
«Ён проста на мяне ўпаў». Мужчына патлумачыў, чаму акуратна паклаў на зямлю міліцыянта ў Гродне
Пацярпелага начальніка штаба УУС Ленінскага раёна Гродна Уладзіміра Казлоўскага дапыталі на судзе праз відэаканферэнцсувязь на Skype.
«Усё пачалося 29 траўня [мінулага года], калі я заступіў на ахову грамадскага парадку на тэрыторыі Ленінскага раёна Гродна, дзе праходзіла пікетаванне па зборы подпісаў кандыдата ў прэзідэнты. Нёс службу разам з напарнікам Хваленям. Пасля ў дачыненні да мяне і да Хвалені быў ўжыты гвалт. Нас для аказання медыцынскай дапамогі даставілі ў бальніцу. 30 траўня [мінулага года], знаходзячыся ў бальніцы, каля 10-й гадзіны на мой мабільны тэлефон у розных сетках: у «Аднакласніках», «ВКонтакте», Instagram — цягам гадзіны прыйшло больш за тысячу абразаў, пагрозаў ужывання гвалту як у дачыненні да мяне, гэтак і ў дачыненні да маіх родных і блізкіх. Пасля чаго я заблакаваў усе старонкі ва ўсіх сацсетках. Карыстальнікі самі пабачылі, што мае старонкі закрытыя, недасяжныя, таму пачалі дадаваць паведамленні на адрас маёй маці, жонкі», — сказаў міліцыянер.