Польшчу накрывае новая хваля кавіду. У краіне зафіксавалі амаль 10 тысяч заражэнняў упершыню з красавіка

У Польшчы за мінулыя суткі зарэгістравалі 9387 новых заражэнняў каранавірусам, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам з красавіка, калі спадала папярэдняя хваля эпідэміі, паведамляе PAP.

29.10.2021 / 16:32

Памерлі за мінулыя суткі 102 хворыя, у 90 з іх былі іншыя хранічныя праблемы са здароўем, якія ўскладнілі цячэнне хваробы.

У папярэднія дні ў Польшчы рэгістравалі больш за 8 тысяч заражэнняў, а на мінулым тыдні самы высокі паказчык перавышаў 6 тысяч.

Большасць новых заражэнняў прыпадае на Мазавецкае і Люблінскае ваяводствы.

У бальніцы знаходзяцца 6175 хворых, з іх 521 у цяжкім стане.

Для абмеркавання эпідэміялагічнай сітуацыі збіраецца крызісная каманда ўрада пад старшынствам прэм'ера Маравецкага.

Больш за палову насельніцтва Польшчы вакцынавана ад кавіду.

Nashaniva.com