Букераўскую прэмію атрымаў пісьменнік з Паўднёвай Афрыкі

Букераўская прэмія па літаратуры 2021 года прысуджана пісьменніку з ПАР Дэйману Гэлгуту за раман-сагу «Абяцанне» пра ўзаемаадносіны белай сям'і фермераў і іх чарнаскурай служанкі ў часы апартэіду і пасля яго адмены.

04.11.2021 / 08:24

EPA

«Я вельмі, па-сапраўднаму, пакорліва ўдзячны», — сказаў Дэйман Гэлгут, прымаючы галоўную прэмію англамоўнай літаратуры на цырымоніі 3 лістапада ў Лондане, Бі-бі-сі.

Пісьменнік і драматург Дэйман Гэлгут, якому праз тыдзень з невялікім споўніцца 58 гадоў, трапіў у шорт-ліст намінантаў Букераўскай прэміі (уручаецца ў галіне англамоўнай літаратуры) ужо трэці раз. Першыя два былі ў 2003 і 2010 гадах.

Прэстыжнае званне лаўрэата Букераўскай прэміі і 50 тысяч фунтаў (68,2 тыс даляраў) Гілгуд атрымаў за раман «Абяцанне» (The Promise), дзеянне якога адбываецца цягам 40 гадоў.

Галоўная сюжэтная лінія ў ім — абяцанне старой гаспадыні фермы пад Прэторыяй падарыць служанцы дом, у якім яна жыве. Абяцанне, якое наступныя пакаленні белай сям'і фермераў ніяк не могуць выканаць.

Nashaniva.com