У Нікарагуа завяршыліся выбары прэзідэнта. Усе асноўныя супернікі Артэгі ў турме
У Нікарагуа завяршылася галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах. Лічыцца, што вынікам стане пераабранне Даніэля Артэгі на прэзідэнцкую пасаду. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў выбары «падстаўнымі». Цягам перадвыбарчай кампаніі ў Нікарагуа пасадзілі некалькі апанентаў рэжыму, а іншых Артэга выціснуў на эміграцыю і кпіў з іх, піша «Голас. Амерыкі».
08.11.2021 / 09:14
AP
Выбары, як адзначае выданне, праходзілі пры ахове 30 тысяч вайскоўцаў і паліцыянтаў. Сямёра апазіцыйных кандыдатаў, якія кінулі выклік 75-гадоваму Артэгу, перабываюць у турме ад чэрвеня па палітычна матываваных абвінавачаннях.
Для Артэгі новы тэрмін стане ўжо пятым, а ягоная жонка, 70-гадовая Разарыя Мурыльё зноў будзе віцэ-прэзідэнтам краіны. Афіцыйныя лічбы назавуць праз некалькі дзён.
Супернікамі дыктатара на выбарах былі пяцёра чалавек, аднак у апазіцыі ўсіх іх называюць памагатымі рэжыму. Апаненты Артэгі кажуць аб тым, што на выбарах была нізкая яўка — многія з дэмакратычна настроеных жыхароў Нікарагуа не пайшлі галасаваць, ведаючы пра фальсіфікацыі.
Даніэль Артэга падчас галасавання зноў накінуўся з крытыкай на сваіх праціўнікаў, заявіўшы, што выступае супраць тых, хто «прапагандуе тэрарызм, фінансуе вайну, сее тэрор і смерць».
Ён меў на ўвазе нікарагуанцаў, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту супраць дыктатуры ў 2018 годзе, але іх сустрэлі гвалтоўным разгонам, які забраў больш за 300 жыццяў у самай беднай краіне Цэнтральнай Амерыкі. З таго часу каля 150 чалавек апынуліся за кратамі, у тым ліку 39 дзеячаў апазіцыі. Яшчэ каля 100 000 нікарагуанцаў аказаліся ў выгнанні.
Даніэль Артэга прыйшоў першы раз да ўлады ў 1979 годзе і кіраваў краінай да 1990-га, потым быў абраны ў 2007 годзе і з таго часу нязменна кіруе Нікарагуа.