БТ: Амерыканец, што штурмаваў Капітолій, папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі

Грамадзянін ЗША Эван Ньюман, які ўдзельнічаў у спробе прыхільнікаў Трампа 6 студзеня 2021 года захапіць Капітолій, папрасіў прытулку ў Беларусі, паведамляе дзяржаўнае тэлебачанне. 

08.11.2021 / 10:10

Ньюман — ураджэнец Каліфорніі, у яго двое дзяцей, займаецца бізнэсам па вытворчасці сумак. У эфіры БТ ён паведаміў, што яго нібыта абвінавачваюць па шасці справах.

«Крымінальнае злачынства — гэта вельмі сур'ёзнае абвінавачанне. Яно азначае, што вы прычынілі каму-небудзь ці чаму-небудзь шкоду. Я не лічу, што я здзейсніў якое-небудзь злачынства, адно з абвінавачванняў было вельмі крыўдным. Сцвярджаецца, што я ўдарыў афіцэра паліцыі. Гэта не мае ніякіх падставаў», — распавёў Эван.

Ён расказаў, што ФБР уключыла яго ў спіс самых шуканых злачынцаў.

У сакавіку ён з'ехаў з ЗША ў Італію, потым перабраўся ва Украіну, дзе пражыў чатыры месяцы, у Беларусі апынуўся ў сярэдзіне жніўня, калі яго затрымалі памежнікі пры пераходзе мяжы.

Nashaniva.com