Дональд Туск пра мігрантаў на мяжы: «Магчыма, час пачаць рэалізацыю 4-га артыкула NATO»

Былы прэзідэнт Еўрапейскай рады і колішні польскі прэм’ер Дональд Туск заклікаў урад краіны распрацаваць план па прадухіленні мігранцкага крызісу на мяжы з Беларуссю, піша Радыё Свабода.

08.11.2021 / 13:57

AP

Выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Варшаве, лідар галоўнай апазіцыйнай партыі Польшчы «Грамадзянская платформа» заявіў, што ён вельмі занепакоены тым, што адбываецца і «што, хутчэй за ўсё, будзе адбывацца ў найбліжэйшыя гадзіны на нашай усходняй мяжы».

«Праблема ў тым, што ніхто з нас не ведае, што польскі ўрад збіраецца рабіць. Беручы пад увагу факт, што ў ціску на мяжы і ў арганізацыі групаў мігрантаў замяшаныя беларускія службы, гэтая пагроза больш сур’ёзная, чым проста нелегальная міграцыя», — сказаў Туск.

«Магчыма, ужо трэба падумаць, ці не прыйшоў час пачаць рэалізацыю 4 артыкула NATO. Калі нашая мяжа будзе пад пагрозай фізічнага ціску пры ўдзеле беларусаў, я маю на ўвазе беларускія службы, то, паводле мяне, гэта нагода, каб пачаць кансультацыі ў межах паўночна-атлантычнага альянсу. Бо гэта ўжо датычыць бяспекі ўсёй усходняй мяжы ЕС і NАТО, такіх краін як Польшча і Літва», — сказаў Туск.

Што такое чацвёрты артыкул NATO

Згаданы Тускам артыкул прадугледжвае правядзенне надзвычайных кансультацый у NATO, калі адна з краін альянсу лічыць, што яе незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць або бяспека апынуліся пад пагрозай. Артыкул гучыць так:

«Бакі будуць кансультавацца разам, калі — на думку любога з іх — тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць або бяспека любога з бакоў знаходзяцца пад пагрозай».

Наступны артыкул Статуту NATO, пяты, прапісвае дзеянні краін супольнасці ў выпадку нападу на адну або некалькі краін альянсу. Гэты артыкул абавязвае разглядаць такі напад як атаку на альянс у цэлым. Ён ужываўся толькі аднойчы ў гісторыі — пасля тэрактаў у ЗША 11 верасня 2001 года.

Больш за 1000 мігрантаў знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы. Што адбываецца?