На канферэнцыю ў Вене па беларускім пытанні запрасілі прадстаўнікоў беларускіх уладаў. Гэта пачатак перамоў з імі?
На 22 лістапада канцлер Аўстрыі Аляксандэр Шаленберг анансаваў міжнародную канферэнцыю па вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі. Удзел у ёй прымуць айчынныя дэмсілы, таксама ўдзел пацвердзіў шэраг прадстаўнікоў еўрапейскіх МЗС. Аўстрыя накіравала запрашэнне і беларускім чыноўнікам, але пра іх рашэнне пакуль нічога невядома. Разам з гэтым у сеціве з’явілася інфармацыя: раз беларускі бок запрошаны, гэта можа стаць пачаткам дыялогу з рэжымам і стартам гандлю палітвязнямі. Ці так гэта?
08.11.2021 / 20:24
«Ніякіх перамоў з рэжымам не плануецца»
Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валер Кавалеўскі ў каментары «Нашай Ніве» зняпраўдзіў гэтую інфармацыю.
«Ніякіх перамоў з рэжымам не плануецца. Хаця б па той простай прычыне, што не чакаецца ўдзелу яго прадстаўнікоў — такіх людзей, якія сапраўды могуць прымаць нейкія рашэнні.
Для іх удзел у такой канферэнцыі зрадні прызнанню дэмакратычных сіл як рэальных прадстаўнікоў беларускага народа. А гэтага яны пазбягаюць рознымі спосабамі, любых кантактаў.
Разам з тым варта адзначыць, што іх няўдзел таксама вельмі кепскі для іх, бо фактычна вельмі важныя пытанні датычна Беларусі абмяркоўваюцца без іх. Рэжым тут апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі — і іх удзел, і неўдзел нявыгадныя адначасова», — каментуе Валер Кавалеўскі.
Валер Кавалеўскі.
Разам з гэтым прадстаўнік офіса Ціханоўскай адзначае, што асабіста для іх прыезд беларускага боку быў бы добрым знакам.
«Мы заўсёды казалі, што крызіс у Беларусі можна вырашыць мірным шляхам, праз дыялог. І калі б нехта з сённяшніх чыноўнікаў высокага ўзроўню ўсё ж прыехаў, для нас усіх гэта было б важным развіццём падзей, паказчыкам, што мы ўсе сапраўды гатовыя вырашаць праблемы».
Калі казаць пра палітычных зняволеных, то тут пазіцыя офіса застаецца прынцыповай:
«Ніякага гандлю палітычнымі зняволенымі таксама не было і быць не можа. Таму што мы ведаем, як сябе паводзіць рэжым у такіх сітуацыях, як злоўжывае даверам міжнароднай супольнасці. Мы бачылі, як гэта рабілася раней, і гэтак больш не будзе», — каментуе Кавалеўскі.
Чым важная міжнародная канферэнцыя ў Вене?
Канцлер Аўстрыі яшчэ падчас анонса мерапрыемства ў Вене адзначыў, што санкцыі не могуць быць адзінай мовай, на якой Еўропа размаўляе з Беларуссю.
Вядома, што на канферэнцыі будуць прадстаўнікі штаба Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і НАУ. Чакаецца прыезд высокапастаўленых асобаў з краін ЕС і Усходняга партнёрства, міжнародных арганізацый.
У прыватнасці, запрошаныя старшыні місій пры АБСЕ і місій краін-членаў Савета Бяспекі ААН. Пра ўдзел у мерапрыемстве ўжо паведаміў еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Олівер Вархелі.
Ці будуць на канферэнцыі прадстаўнікі Расіі, пакуль невядома, але яны запрошаныя, як і беларускі бок.
Пры любым канчатковым спісе ўдзельнікаў, на думку суразмоўцы, сустрэча павінна стаць пачаткам больш паглыбленага ўдзелу міжнародных сіл у вырашэнні беларускага крызісу.
«На сённяшні дзень з Беларусі не так проста вырашыць крызіс самастойна, дамагчыся нейкіх зменаў. Нам патрэбная дапамога, каб спыніць рэпрэсіі і гвалт, каб вызваліць палітычных зняволеных. Удзел міжнароднай супольнасці ў гэтай справе вельмі важны, таму што ён дазваляе арганізоўваць дадатковы ціск на рэжым.
Ëн можа быць розным: палітычным, дыпламатычным, фінансавым. Могуць быць уведзеныя новыя санкцыі. Усё гэта ў суме стварае кантэкст, пры якім у рэжыма ўсё менш магчымасцяў працягваць і рэпрэсіі, і гвалт. Мы будзем ствараць умовы для таго, каб крызіс у краіне быў прызнаны. І прыйшло разуменне, што вырашаць яго трэба праз дыялог з беларускім народам», — лічыць Валер Кавалеўскі.