Вайсковы аглядальнік Ягор Лебядок пра крызіс на мяжы: У сераду-пятніцу можна чакаць нейкі пік дзеянняў
«Адметная асаблівасць ад папярэдніх сітуацый — шырокае асвятленне афіцыйнымі СМІ і засяроджванне ў адной вялікай групе». Эксперт Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале пракаментаваў сітуацыю вакол нелегальных мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
09.11.2021 / 17:01
Фота: БелТА
Навошта гэта
Ягор Лебядок пералічвае прычыны стварэння канфлікту. Сярод іншых ён кажа, што гэта:
— спроба падняць стаўкі ў ціск на ЕС перад разглядам чарговых санкцый і для паслаблення дзеянняў сённяшніх;
— дэманстрацыя сваім прыхільнікам і нейтральным бесчалавечнасці ворага (Польшчы, Літвы і ЕС агулам), а таксама антыгуманнасці дзеянняў польскіх уладаў для ЕС і польскай апазіцыі;
— тэставанне дзеянняў ЕС і НАТА на выпадак крызісных з'яў (па значнасці не першасны пункт, але важны для Расіі).
«Масавасць, на мой погляд, мела хутчэй значэнне для стварэння інфармацыйнай падзеі, чым для пралому мяжы і пераходу ўсіх. Мэта была менавіта ў карцінцы на мяжы (нездарма ж ад афіцыйнага памежнага пераходу, куды збіраліся наіўныя мігранты, іх адвялі ў лес)», — піша Лебядок.
Магчымае развіццё падзей і наступствы
«Такая інфармацыйная падзея не жыве даўжэй за тыдзень, таму ў сераду-пятніцу можна чакаць нейкі пік дзеянняў для прэсы (дэманстратыўныя спробы праходу, калі гінуць і плачуць дзеці, стральба па мігрантах і г.д.).
Паралельна адносна малыя групы будуць разводзіць на іншыя ўчасткі мяжы для іх перапраўкі (да Літвы, у Брэсцкую вобласць), таксама будуць праводзіць новыя групы мігрантаў, пад шумок.
Я б не чакаў ваеннага канфлікту паміж памежнікамі дзвюх краін, пра які сам казаў неаднаразова, у бягучым месцы збору, паколькі занадта шмат увагі і польскіх сіл. Гэтага хутчэй на іншых участках чакаць можна, хоць такая навала багата выпадковасцямі», — мяркуе эксперт
Ці паўплывае міграцыйны крызіс на санкцыі?
«Пакуль не відаць, каб ЕС даў задні ход у плане санкцый.
Мяркую, што да ЕС патроху даходзіць тое, што яны не засвоілі ў «юнацтве»: нельга ісці на саступку двароваму хулігану, інакш затым прыйдзецца зноў саступіць і яшчэ больш.
Хутчэй, гаворка ідзе аб узмацненні мер уздзеяння. Ключавыя пункты — развіццё санкцый і зніжэнне транзітных магчымасцяў, што аўтаматычна падключае да вырашэння пытання Расію і іншыя краіны, уключаючы Кітай (дарэчы ў канале ДПК Беларусі ўжо больш за месяц адзначаецца зніжэнне пропуску транспарту на некаторых польскіх пунктах пропуску ад нормы, прадугледжанай двухбаковымі дамоўленасцямі).
Што будзе далей?
Магчыма, тое, што адбываецца — гэта як фінальны акорд усяго крызісу, г. зн. спроба стварыць максімум інфармацыйнага ўздзеяння, сканцэнтраваць усіх у адным месцы і раскідваць па мяжы малыя групы для перапраўкі канчатковай і нядопуску вяртання мігрантаў у Мінск і гарады Беларусі.
Проста так згарнуць крызіс Лукашэнкі не можа, гэта будзе яшчэ нахіленне непахіснага, а на такім трэндзе спачатку ў галовах, а потым магчыма і ўслых, сярод сваіх прагучыць «Акела прамахнуўся». Гэта Лукашэнка разумее, што ўскладняе хуткі выхад з сітуацыі.
У такіх выпадках часта выкарыстоўваюць мадэль палітычных дзеянняў: давесці да піку, затым павестку перавесці на іншую рэзанансную тэму, а канфлікт плаўна спускаць на тармазах.
Гэты крызіс не быў бы магчымы, калі б у краіне працягваліся масавыя выступы грамадзян — да мяжы сцягнутыя рэсурсы сілавікоў, якія цяпер свабодныя.
Мігранты «самаарганізаваліся ў такую шматлікую групу, каб … прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці»,
г. зн. правялі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з перакрыццем дарогі, высечкай лесу, шматразовым парушэннем заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь без усялякіх санкцый з боку МУС, ДПК і іншых органаў.
Такія дзеянні, а дакладней такое масавае асвятленне гэтых дзеянняў афіцыйнымі СМІ — гэта чарговая дэманстрацыя таго, што беларусы не гаспадары на сваёй зямлі.