У Тбілісі пачаўся суд над Саакашвілі, але яго на працэс не прывезлі

У Тбіліскім гарадскім судзе 10 лістапада пачаўся разгляд справы былога прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Ён праходзіць абвінавачаным па справе аб разгоне мітынгу апазіцыі ў лістападзе 2007 года. Тады супраць дэманстрантаў паліцыя прымяніла спецсродкі, пацярпелі некалькі сотняў чалавек, паведамляе meduza.io.

10.11.2021 / 15:24

На першае паседжанне суда Саакашвілі, які знаходзіцца пад арыштам, не пусцілі. Як аб'явіла cпецыяльная пенітэнцыярная служба Грузіі, такое рашэнне было прынята для бяспекі былога прэзідэнта.

«Саакашвілі спыніў лячэнне, і яго перавод на судовы працэс і прысутнасць уяўляюць дадатковую рызыку для яго здароўя», — цытуе ТАСС заяву Мінюста Грузіі.

Саакашвілі 1 кастрычніка быў арыштаваны ў Грузіі, куды вярнуўся праз 8 гадоў эміграцыі. Былы прэзідэнт пасля арышту аб'явіў галадоўку. На 39-ы дзень галадоўкі яго перавялі ў турэмны шпіталь, аднак прымаць медыцынскую дапамогу Саакашвілі адмовіўся.

Nashaniva.com