Польшча пагражае спыніць чыгуначны рух і закрыць астатнія памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю

Праз міграцыйны крызіс і эскалацыю падзей на мяжы Польшча можа закрыць памежныя пераходы і спыніць чыгуначны рух з Беларуссю, заявіў кіраўнік МУС Польшчы.

13.11.2021 / 12:54

Зараз закрыты толькі пункт пропуску «Кузніца», з беларускага боку гэта «Брузгі».

9 лістапада побач з памежнымі пунктамі размясціўся лагер мігрантаў не менш як на 2000 чалавек. Яны спрабуюць прарвацца праз мяжу і патрапіць у Германію. Польшча адмаўляецца прымаць іх.

Між тым сітуацыя ў мігранцкім лагеры ‒ вельмі цяжкая. Сёння на польскім баку побач з мяжой Беларусі было знойдзена яшчэ адно цела мігранта ‒ 20-гадовага грамадзяніна Сірыі. Прычына смерці невядомая.

Ноччу група мігрантаў каля 100 чалавек спрабавала нелегальна перасячы мяжу. Польскія памежнікі паведамляюць, што мігранты ўжылі супраць іх слёзатачывы газ.

У самім лагеры ўмовы ‒ на мяжы гуманітарнай катастрофы. Ніякіх сур'ёзных крокаў для вырашэння праблемы намётавага лагера зроблена пакуль не было.

Між тым, нават беларускія прапагандысты не хаваюць, што вырашыць праблему — нескладана для беларускіх уладаў, трэба толькі «папрасіць Лукашэнку». Сёння, дарэчы, Пуцін анансаваў магчымую размову Меркель і Лукашэнкі.

Nashaniva.com