Лукашэнка хоча ўзначаліць Усебеларускі народны сход і перадаць УНС важнейшыя паўнамоцтвы
Аляксандр Лукашэнка хоча ўзначаліць Усебеларускі народны сход і вызваліць пасаду прэзідэнта для «новага пакалення». Такі сэнс ягонай заявы ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару расійскага часопіса «Нацыянальная абарона».
13.11.2021 / 16:00
Лукашэнка кажа, што трэба «узаконіць» УНС і «на гэтыя пазіцыі адвесці цяперашняе пакаленне».
«Я гэта публічна гавару. Вось мы з табой павінны адысці ва Ўсебеларускі народны сход. Вось гэтае пакаленне, якое стварыла гэтую краіну і якое памятае тую краіну, у якой мы жылі — СССР. І якое памятае і любіць, і адданае каштоўнасцям, якія мы зараз вызнаем. Ідзе новае пакаленне. Яно павінна кіраваць краінай. Адтуль і прэзідэнты, і прэмʼеры, і ўрад, і дэпутаты, і сенатары, і гэтак далей. Яны адтуль. Але мы павінны ўсё ж бачыць, што адбываецца», ‒ тлумачыць Лукашэнка.
Паўнамоцтвы УНС пакуль не вызначаныя, але Лукашэнка хоча
перадаць сходу фарміраванне Канстытуцыйнага суда, прызначэнне старшыні Вярхоўнага суда, пытанні абвяшчэння вайны і міру, імпічменту, адпраўкі вайскоўцаў за межы Беларусі, фарміраванне Цэнтральнай выбарчай камісіі і іншае.
Рэферэндум па зменах у Канстытуцыю запланаваны на люты 2022 года. Але нават праект новага Закону яшчэ не падрыхтаваны, не кажучы пра тое, што праект яшчэ не вынесены на грамадскае абмеркаванне.