«Калі нічога не зменіцца, хутка сыдуць самыя годныя педагогі». Настаўнікі ўвайшлі ў топ-10 запатрабаваных спецыяльнасцяў Мінска
Сайт Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама апублікаваў рэйтынг самых запатрабаваных прафесій у сталіцы. У топ-10 увайшлі настаўнікі. Між тым, толькі па афіцыйных звестках, у Мінску на пачатак месяца не хапала 118 настаўнікаў, у рэальнасці кадравы голад у гэтай сферы большы ў некалькі разоў. Што адбываецца?
15.11.2021 / 07:58
Фота ілюстрацыйнае
Калі супаставіць агульную лічбу ад Камітэта па працы і дадзеныя па колькасці вакансій у кожным раёне, якія публікуюцца штомесяц, то атрымаецца недахоп ужо ў 350 настаўнікаў.
Гэтыя дадзеныя разыходзяцца і з дадзенымі агульнарэспубліканскага банка вакансій, дзе размешчана ўсяго толькі 337 вакансій настаўніка на ўсю краіну: 141 вакантнае месца педагога ёсць у Мінску, 67 у Гродзенскай вобласці, 39 у Мінскай, 26 у Брэсцкай, 23 у Гомельскай і толькі 10 у Віцебскай.
«Афіцыйныя лічбы даўно не маюць нічога агульнага з рэальнасцю, — адзначае настаўніца біялогіі з Оршы Наталля. — Толькі ў нашай школе не хапае чатырох педагогаў. Як тады ва ўсёй Віцебскай вобласці можа не хапаць усяго 10 настаўнікаў? Магу выказаць здагадку.
Відаць, дырэктары не даюць аб’явы аб вакансіях, а шукаюць настаўнікаў самі. І іх таксама можна разумець. Дырэктары школ баяцца казаць, што працаваць ужо няма каму. Усіх, хто з чымсьці нязгодны, у тым ліку і саміх дырэктараў, звальняюць на раз два».
«Прафесія настаўніка ў Беларусі цалкам дыскрэдытаваная»
Пасля выбараў-2020 гнеў многіх беларусаў абрынуўся на школьных настаўнікаў. Прычына зразумелая: многія з іх былі ў складзе выбарчых камісій. Ужо постфактум некаторыя прызнаваліся, што паслухмяна вывешвалі пратаколы з выбарчых участкаў з лічбамі, якія ім дыктавалі зверху.
«Але так рабілі не ўсе. Я і шмат хто з маіх калег загадзя папярэдзілі кіраўніцтва, што падрабляць нічога не будзем, — адзначае педагог з Мінска Святлана. — Многіх за такія выбрыкі дэпрэміравалі, але ў выніку проста не сталі прыцягваць.
Аднак даказаць сваю недатычнасць да фальсіфікацый бацькам нашых вучняў вельмі складана. Пасля выбараў-2020 прафесія педагогаў у Беларусі была цалкам дыскрэдытаваная».
Як расказала нам суразмоўца, некаторыя яе калегі звольніліся адразу пасля выбараў праз канфлікты з кіраўніцтвам школы і з нагоды сваёй грамадзянскай пазіцыі.
«Узровень выслугі перад адміністрацыяй горада ў кіраўніцтва некаторых сталічных школ літаральна зашкальвае. Ведаю, пра што кажу, бо маю зносіны з многімі калегамі з іншых школ, — дадае Святлана. — Дырэктары некаторых школ так трымаюцца за месцы, што гатовыя ілбы разбіць, абы выслужыцца.
Нам так і казалі: «Штосьці не падабаецца, ніхто не трымае. Каму вы патрэбныя, калі звольніцеся». Гэта зневажальна, але шмат хто з настаўнікаў сапраўды баіцца страціць працу. Таму засталіся і маўчаць.
У 50-й гімназіі настаўнікі, напрыклад, адкрыта выказалі сваю нязгоду і запісалі відэазварот з асуджэннем пераследу за іншадумства і гвалту над пратэстоўцамі. Дык там з 19 настаўнікаў, якія зняліся ў роліку, 11 звольнілі. А гэта ж былі адны з найлепшых педагогаў у горадзе».
На думку Святланы, у тых настаўнікаў, якія застаюцца працаваць у школах, ёсць толькі два выхады. Пакорліва выконваць усе загады зверху або змагацца з сістэмай, але цішком.
«Я выбрала другі варыянт, — кажа наша суразмоўца. — Але ведалі б вы чаго мне гэта каштуе. Амаль увесь наступны навучальны год пасля выбараў прыйшлося адстойваць сябе перад бацькамі. У нас многія без разбору гатовыя камянямі закідаць: «Ты настаўнік, значыць, здраднік».
Даходзіла да абразаў і сур’ёзных скандалаў. Вырашылі праблему так: сабраліся разам з бацькамі на нейтральнай тэрыторыі і пагаварылі. Яны ў вочы выказалі свае асцярогі, я патлумачыла сваю пазіцыю і паабяцала, што не буду прамываць дзецям мазгі палітыкай».
«Даходзіць да таго, што настаўнікам фізікі даводзіцца замяняць ледзь не літаратуру»
«Усё нават крыху сціхла, але потым пачалася чарговая хваля пандэміі, — адзначае настаўніца. — Ведалі б вы, у якіх умовах сёння даводзіцца працаваць настаўнікам. Даходзіць да таго, што настаўнікам фізікі даводзіцца замяняць ледзь не літаратуру.
Нядаўна ў нас быў выпадак: настаўніца матэматыкі вяла ў дзяўчынак працоўнае навучанне. А што рабіць… Бальнічны, нават калі педагог відавочна хварэе, даюць толькі пасля таго, як кавід пацвердзіўся. Да гэтага хворыя настаўнікі павінны хадзіць у школу і заражаць усіх калег і дзяцей.
Плюс пастаянна прыходзяць нейкія новыя загады зверху. Спачатку «насіце маскі», потым «не насіце маскі». Потым было «каранавіруса ў нас няма, вядзём усіх дзяцей на экскурсіі». Ужо цяпер рассылаюць новыя патрабаванні «дзяцей не змешваць адзін з адным нават у актавай зале, усе экскурсіі пад забаронай».
З тымі, хто чымсьці абураецца, размова вельмі кароткая. Усім цытуюць словы Лукашэнкі падчас яго сустрэчы з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам напрыканцы жніўня: «Тыя, хто хочуць прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, калі ласка, міласці просім … Тыя, хто не хоча, у школе быць не павінны. Гэта трэба гаварыць прама, адкрыта і шчыра».
«Адна мая знаёмая звольнілася, зараз займаецца рэпетытарствам. Кажа, па грошах ніколькі не страціла»
«З беларускіх настаўнікаў зрабілі рабоў сістэмы. З некалі вельмі годнай сістэмы адукацыі школу ператварылі ў смех і жывы эксперымент над дзецьмі. Шмат хто з маіх калег, і я ў тым ліку, схіляемся да таго, каб сысці з працы, — прызнаецца настаўніца. — Некаторыя гэта ўжо зрабілі. Сёння толькі ў Маскоўскім раёне Мінска сур’ёзны недахоп настаўнікаў. Людзі не вытрымліваюць.
Адна мая знаёмая, дарэчы, звольнілася яшчэ напрыканцы мінулага года. Зараз займаецца рэпетытарствам. Кажа, па грошах ніколькі не страціла. Думаю, у бліжэйшыя гады, калі нічога не зменіцца, са школ сыдуць усе годныя педагогі».