«Затуманьваў свядомасць грамадзян». Завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Эдуарда Пальчыса
Паводле СК па горадзе Мінску, 31-гадовы Эдуард Пальчыс займаўся «злачыннай дзейнасцю» з 2016 года па верасень 2020 года, калі яго затрымалі. Пальчыса абвінавачваюць па чатырох артыкулах.
15.11.2021 / 12:18
Архіўнае фота Сяргея Гудзіліна
«Асноўнай зброяй Пальчыса з'яўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер і выкарыстоўваліся для кіравання свядомасцю натоўпу, скланення да запланаваных злачынных дзеянняў.
Змешчаная яшчэ з 2016 года ў рэсурсах інфармацыя па сваім змесце была наўмысна накіраваная Пальчысам на распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў улады.
Адначасова з «затуманьваннем» свядомасці грамадзян Пальчыс займаўся арганізацыяй масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», ‒ гаворыцца ў прэс-рэлізе СК.
Дзеянні Эдуарда Пальчыса кваліфікаваны следствам па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
• ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
• ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
• ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
• ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Расследаванне крымінальнай справы завершана. Матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.