21‑гадовая кiроўца «Лексуса» збiла пешаходаў

На праспекце Незалежнасці, ля Нацыянальнай бібліятэкі.

28.07.2009 / 09:27

У нядзелю каля а паловы дванаццатай ночы на праспекце Незалежнасцi 21‑гадовая кiроўца аўтамабiля «Лексус»,

якая праязджала насупраць Нацыянальнай бiблiятэкi, учынiла наезд на двух пешаходаў — маладых людзей 1987 i 1984 гадоў нараджэння.

Паводле звестак аддзела па агiтацыi i прапагандзе ДАI ГУУС Мiнгарвыканкама, пешаходы перасякалi праезную частку па пешаходным пераходзе, якi не рэгулююцца. У вынiку ДТЗ абодва пацярпелыя змешчаныя ў бальнiцу: адзiн з iх з закрытай ЧМТ цяжкай ступенi, пераломам касцей правай галёнкi i закрытай траўмай жывата, другi атрымаў закрытую ЧМТ сярэдняй ступенi, закрыты пералом касцей правай галёнкi.

Як патлумачыла кiроўца «Лексуса» i сведкi ДТЗ, яе машыну падрэзала iншае аўто.

Жанчына‑кiроўца, стаж ваджэння якой складае 1,5 года, не заўважыла пешаходнага перахода i ўчынiла наезд на двух з пяцi пешаходаў, што пераходзiлi дарогу.

Мiж iншым, паводле звестак ДАI ГУУС Мiнгарвыканкама, толькi за мiнулыя выхадныя ў сталiцы было затрымана 58 кiроўцаў, якiя селi за руль аўто ў нецвярозым стане.

Ігар Грышын, Звязда