Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця больш не будзе фінансаваць беларускі прыватны бізнэс? Тлумачым наступствы
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця плануе спыніць фінансаванне новых праектаў у прыватным сектары Беларусі. Летась арганізацыя ўжо перастала выдаваць грошы дзяржпрадпрыемствам. Што будзе, калі бізнэс пазбавяць крэдытаў?
17.11.2021 / 20:38
Пра намеры ЕБРР паведаміў Devex. Раней структура казала, што будзе больш пільна сачыць за выдачай грошай прыватным беларускім праектам. Каб гарантаваць, што яны не падтрымліваюць кампаніі, звязаныя з урадам.
Да выбараў ЕБРР павялічваў інвестыцыі ў Беларусь. Так, у 2019-м ён выдзеліў краіне 390 мільёнаў еўра.
«Гэта дастаткова салідная сума. Канечне, не ўсё там ішло на прыватны сектар, бо да 2020 года ЕБРР працаваў і з нейкімі грамадскімі, інфраструктурнымі праектамі — тыя ж дарогі, водаканалы.
Акрамя гэтага ён нейкі час працаваў нават з дзяржпрадпрыемствамі, зрабіўшы для Беларусі выключэнне ў сваіх падыходах. І пасля падрыхтоўкі некалькіх прадпрыемстваў да прыватызацыі высветлілася, што прыватызаваць іх ніхто не збіраецца», — кажа акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.
Асноўная праблема нашага бізнэсу — недахоп фінансавання. У нас практычна няма фондавага рынку, добрых інвестыцыйных кампаній.
«Нават наша банкаўская сістэма не зусім умела працаваць з прыватнымі кампаніямі. Ёй больш звыкла было весці справы з буйнымі дзяржаўнымі. І крэдыты ЕБРР, якія часта выдзяліліся тым жа банкам на крэдытаванне малога і сярэдняга бізнэсу, дазвалялі развіваць гэты кірунак.
Дзякуючы гэтаму банкі навучыліся працаваць з прыватным бізнэсам, зразумелі, што гэта можа быць прыбыткова, — заўважае эксперт. — ЕБРР стараўся ўдзельнічаць у праектах, якія мелі важныя наступствы для развіцця самой фінансавай сістэмы.
Ён даваў грошы таму ж фонду «Зубр Капітал», каб ён інвеставаў іх у іншыя кампаніі».
Сярод тых, каго падтрымліваў ЕБРР, — «Кронаспан», Modus Group, «Сервалюкс», «Міла», «Еўрагандль», PandaDoc. Арганізацыя давала не толькі грошы, але і кансалтынгавую падтрымку, што дапамагала кампаніям стаць лідарамі на рынку.
Што будзе цяпер? Фактычна малы і сярэдні бізнэс застанецца цалкам залежны ад банкаўскага фінансавання, бо іншага проста няма. Праблема ў тым, што банкам часта бывае недастаткова ўласных сродкаў.
«Важная рэч — ЕБРР даваў грошы на праекты, якія рынкавыя сілы не заўсёды былі гатовы падтрымаць. Напрыклад, па зялёным фінансаванні. Усё зялёнае фінансаванне, якое было ў Беларусі, ішло праз міжнародныя праекты.
Цяпер мы будзем менш падрыхтаваны да вялікай зялёнай новай здзелкі, якую ўводзіць Еўрасаюз і якая ставіць новыя патрабаванні да ўсіх тавараў, што будуць імпартавацца туды. Атрымліваецца, фінансавання на выкананне гэтых патрабаванняў у нас няма.
Для замежных інвестараў гэта несумненна яшчэ адзін сігнал. Многія выкарыстоўвалі апраўданне, што яны працуюць з беларускім прыватным сектарам, бо і ЕБРР з ім працуе. Так, для інвестараў з азіяцкіх краін гэтыя рэчы не прынцыповыя, на іх змены не паўплываюць. Але еўрапейскія — а гэта тыя, хто прыносіць з сабой новыя тэхналогіі, новую якасць менеджменту — у чарговы раз задумаюцца, — пералічвае наступствы Кацярына Барнукова. —
Часта замежныя інвестары, калі прыходзілі ў краіну, разлічвалі на суфінансаванне ад еўрапейскіх інстытутаў. Цяпер яны атрымаць яго не змогуць.
Нашы прыватныя прадпрыемствы будуць менш прывабнымі для інвестараў. Для апошніх было паказчыкам: калі нейкая кампанія працавала з ЕБРР, значыць яна прайшла праверкі, працэсы ў ёй наладжаны, усё адбываецца празрыста і эфектыўна. Зараз гэтых гарантый няма».