«Спадзяюся, нашым папярэднікам не было б за нас сорамна». Ягор Марціновіч з-за кратаў перадаў вітанні да 115-годдзя НН
Вось ужо пяты месяц галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко знаходзяцца за кратамі. У іх няма магчымасці чытаць «Нашу Ніву», але ў сваіх лістах яны перадаюць падзяку чытачам, якія ў самыя цяжкія часы засталіся з НН, падтрымліваюць і дасылаюць лісты нашаніўцам у СІЗА.
23.11.2021 / 17:18
Да 115-годдзя «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч перадаў кароткае вітанне:
«У 1906-м была Расійская імперыя і была «Наша Ніва». У 1991-м быў СССР і была «Наша Ніва». У 2021-м у Беларусі — дыктатура і «Наша Ніва». Як у старым габрэйскім анекдоце. Мы ўжо ў фінале. Можна выгнаць рэдакцыю з тэрыторыі Беларусі, але
пакуль нікому не ўдалося забіць мару пра сваю газету, якая будзе глядзець на свет з беларускага пункту гледжання.
Можна ўзяць закладнікаў, але нашаніўцы працягваюць сумленна працаваць. Сёння ў мяне няма магчымасці чытаць «Нашу Ніву», даваць парады калегам. Але спадзяюся, нашым папярэднікам не было б сорамна за тое, што і як мы рабілі».
Калі ласка, памятайце пра нашых калег, якія да апошняга дня на свабодзе рабілі ўсё магчымае, каб беларусы маглі чытаць праўдзівыя навіны пра Беларусь і свет.
Дашліце ліст, паштоўку ці тэлеграму нашаніўцам, павіншуйце іх са 115-годдзем НН!