25 кустоў канапель і 2,95 грама марыхуаны
выявілі і канфіскавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у кватэры 22‑гадовага жыхара Віцебска.
28.07.2009 / 15:43
Аб гэтым паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама.
Аднапакаёвая кватэра па вуліцы Воінаў‑інтэрнацыяналістаў фактычна ўяўляла сабой хатнюю аранжарэю для вырошчвання канапель. Кадкі з наркатычнай раслінай стаялі па ўсёй кватэры, нават у ванным пакоі.
Некалькі дзён таму ў жытле маладога чалавека адбыўся пажар. Верагоднай прычынай узгарання стала кароткае замыканне ў электраабсталяванні, з дапамогай якога ажыццяўляўся догляд за раслінамі: у кватэры былі ўстаноўлены сістэма вентыляцыі, штучнае асвятленне са шматлікімі лямпамі, павышаючыя трансфарматары.
У дачыненні да гаспадара кватэры распачата справа па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.