Сілавікі прапануюць завочныя крымінальныя суды. Пачаць могуць з апазіцыянераў, а пасля перайсці да бізнэсоўцаў і замежнікаў
Старшыня Рады бяспекі заявіў, што Следчы камітэт прапаноўвае ўвесці ў Беларусі завочныя крымінальныя суды. Па словах Аляксандра Вальфовіча, ідэю ўжо падтрымалі Вярхоўны суд і Генеральная пракуратура. Дэталі абмяркуюць на бліжэйшай нарадзе Рады бяспекі. І хоць Вальфовіч адразу заявіў, што так судзіць пачнуць па справах, звязаных з палітычнай пазіцыяй, ніхто не будзе прымаць закон пад умоўную Ціханоўскую ці Латушку. Пачаць могуць з іх, але гэта развазвае рукі далей судзіць такім чынам любога бізнэсмена, які з’ехаў з Беларусі, ці нават замежніка, супраць якога беларускія сілавікі завядуць справу. Над чалавекам не проста будзе вісець тэрмін, гэта можа ўскладніць яго перасоўванне па свеце, калі яго ўключаць у міжнародны вышук. Ну, і нагадаем пра ідэю пазбаўляць грамадзянства нават па нараджэнні. Пасля завочнага суда можна пайсці і на такі крок.
29.11.2021 / 17:25
«Чалавек здзейсніў тут злачынства, з'ехаў і спакойна жыве за мяжой, — заявіў кіраўнік Рады бяспекі. — Па запыце праваахоўнага блока па палітычных матывах іх не выдаюць адтуль.
Прапануецца ўвесці папраўкі ў закон, каб была магчымасць прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Суд завочна прысудзіць да таго ці іншага пакарання ў залежнасці ад цяжару здзяйснення правіны.
Вядома, ён будзе знаходзіцца за мяжой, вядома, яго не выдадуць. Але тое, што ён прысуджаны, напрыклад, да двух-трох гадоў пазбаўлення волі, або да іншага тэрміну, які вызначыць суд, будзе, напэўна, накладваць адбітак».
Цікава, што яшчэ нядаўна Вальфовіч казаў, што Ціханоўская і Латушка павінны прыехаць у Беларусь, адбыць тут пакаранне і далей спакойна жыць у Беларусі. Аднак вядома, што прынамсі ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай інтэрпал адмовіўся па запыце беларускага боку ўключаць яе ў міжнародны вышук, паколькі лічыць пераслед палітычна матываваным, што супярэчыць статуту арганізацыі.
Завочныя суды існуюць у Францыі, Даніі, Эстоніі, а таксама ў Расіі і Украіне
Практыка завочных судоў у свеце не новая, хоць юрысты яе і крытыкуюць. Асноўная праблема ў тым, што абвінавачаны не мае ніякай магчымасці паўнавартасна выказаць сваю пазіцыю, абараніць сябе, хаця дапускаецца ўдзел адваката, у некаторых краінах яго можа прадаставіць дзяржава (кошт за яго паслугі пасля прысуду спаганяюць з асуджанага).
Завочныя суды існуюць у многіх краінах: Расія, Казахстан, Францыя, Данія, Эстонія і іншыя.
У 2014 годзе такая практыка з’явілася ва Украіне, улады тлумачылі гэта, у тым ліку, імкненнем прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў і алігархаў з клана Януковіча, якія пасля майдана збеглі за мяжу.
У Расіі, у свой час, завочна арыштоўвалі мільянераў Барыса Беразоўскага і Ігара Каламойскага, абодва мелі некалькі грамадзянстваў.
А ў Казахстане ў 2018 годзе завочна асудзілі да пажыццёвага зняволення экс-банкіра Мухтара Аблязава, які называе сябе галоўным апазіцыянерам і крытыкам рэжыма Назарбаева.
На яго прыкладзе можна ўбачыць, як складваецца лёс пасля завочнага прысуду. Аблязаў на той момант жыў у Францыі. Па запыце Расіі яго патрабавалі выдаць, і спачатку суд пагадзіўся з гэтым, аднак пасля Вярхоўны суд Францыі адхіліў запыт, паколькі прыйшоў да высновы, што пераслед мае палітычны характар.
Толькі ў 2020 годзе экс-банкір атрымаў статус палітычнага бежанца ў Еўропе. Калі ён толькі паспрабуе трапіць на радзіму, яго адразу арыштуюць і этапіруюць для адбыцця пакарання.
Рашэнне аб завочным судзе прымаюць на фоне ідэі аб пазбаўленні грамадзянства па нараджэнні
У Беларусі ідэя ўвесці завочны крымінальны працэс суправаджаецца ідэяй пазбаўляць грамадзянства асуджаных па пэўных крымінальных артыкулах, у тым ліку за тэрарызм, экстрэмізм, распальванне варожасці — надзвычай папулярныя апошнім часам злачынствы, у якіх абвінавачваюць апазіцыянераў і журналістаў.
Калі будуць прынятыя змены ў крымінальны закон і закон «Аб грамадзянстве», і чалавека змогуць асудзіць у яго адсутнасць, далей яго могуць пазбавіць грамадзянства, нават калі яно атрыманае пры нараджэнні і ніякага іншага няма. А таксама канфіскаваць маёмасць.
На міжнароднай арэне пазбаўленне грамадзянства па нараджэнні з канфіскацыяй маёмасці выкліча больш шуму і крытыкі, чым завочныя суды.
Бо тут непазбежныя асацыяцыі з дзеяннямі нацысцкай улады ў Германіі ў 1930-х. Габрэяў спачатку пазбаўлялі грамадзянства, забіралі ў іх усю маёмасць, а скончылася ўсё Халакостам.
Трэба разумець, што змены ў закон не прымаюцца пад умоўную Ціханоўскую ці Латушку, закон будзе адзіным для ўсіх. Варта толькі пачаць, і заўтра завочна пачнуць судзіць ужо не толькі апазіцыянераў, але напрыклад, бізнэсоўцаў, якія ўжо з’ехалі ці толькі плануюць, але маюць у Беларусі бізнэс, маёмасць і грошы на рахунках.
Відавочна, што гэта больш прывабная перспектыва для кампенсацыі на карысць дзяржавы, чым кватэра апазіцыянера ў спальным раёне (дый ці яе забярэш, калі іншага жылля няма, а там прапісаныя непаўналетнія дзеці, у якіх не могуць забраць грамадзянства за дзейнасць бацькоў).
У тэорыі, завочна змогуць судзіць і замежнікаў. Нагадаем, што беларускія сілавікі ўжо завялі справу на мэра Рыгі, а таксама на польскіх памежнікаў, якія не пускалі на свой бок мігрантаў. Зноў такі, у тэорыі, пасля прысуду Беларусь можа ўключыць імёны асуджаных замежнікаў у запыт на міжнародны вышук.
Як будзе дзейнічаць інтэрпал у гэтым выпадку, пытанне адкрытае, але патэнцыйна гэта можа стварыць праблемы пры перасоўванні па свеце і для замежных грамадзян.