Палітвязня з Гродна Андрэя Баранава асудзілі на два гады «хіміі»

22 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў палітвязня Андрэя Баранава вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго на два гады «хіміі». Такі прысуд вынесла суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Андрэя вызвалілі ў зале суда.

29.11.2021 / 16:59

Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што 6 верасня 2020 года ён прыняў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў цэнтры Гродна, а менавіта, «адмаўляўся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў АУС, сваімі актыўнымі дзеяннямі выклікаў рашучасць удзелу іншых грамадзян у групавых дзеяннях, якія парушалі грамадскі парадак і пацягнулі за сабой блакіроўку дарог і парушэнне работы транспарту».

Цікава, што ў віну Андрэю пастаўлены ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 6 верасня 2020 года, а згодна з тэкстам прысуду, «суд улічыў абставіны, што Баранаў раней ужо прымаў удзел у такіх мерапрыемствах 20 верасня і 31 кастрычніка 2020 года», паведамляюць праваабаронцы.

Nashaniva.com