Латвія папрасіла пастаяннай вайсковай прысутнасці ЗША на сваёй тэрыторыі. Пентагон пакуль не каментуе гэтую заяву
30.11.2021 / 10:54
Каб стрымліваць Расію і ўмацаваць абарончы патэнцыял, латвійскі міністр абароны Арціс Пабрыкс заявіў пра неабходнасць міжнароднай дапамогі. Прадстаўнік абароннага ведамства ЗША Антон Семелрот пакуль не гатовы нічога сказаць пра рашэнне, паведамляе ТАСС.
Генеральны Сакратар НАТА сустракаецца з прэзідэнтам Латвіі. Фота: NATO
У панядзелак міністры замежных спраў краін-удзельніц NATO з’ехаліся ў Рыгу на нараду па бяспецы. Краіны ўстрывожаныя тым, што Расія другі раз за год сцягвае войскі да межаў з Украінай, а таксама занепакоеныя падзеямі на мяжы з Беларуссю.
«Напад на аднаго з саюзнікаў — гэта напад на ўсіх саюзнікаў», — заявіў Генеральны Сакратар NATO Енс Столтэнберг.
Ён паабяцаў, што сілы NATO «будуць пільнымі і гатовымі ў любы час прыйсці на дапамогу сваім саюзнікам».
У панядзелак Латвія папрасіла аб міжнароднай дапамозе, пастаяннай вайсковай прысутнасці ЗША і заявіла, што хоча ўмацаваць свой абарончы патэнцыял пры дапамозе амерыканскіх ракет Patriot.
Пакуль Пентагон ніяк не пракаментаваў просьбу Латвіі аб пастаяннай вайсковай прысутнасці ЗША і аб пастаўцы ракет Patriot.
Енс Столтэнберг правядзе нараду міністраў замежных спраў краін-удзельніц NATO ў аўторак і сераду.