Саакашвілі ў судзе распавёў, як Лукашэнка дапамог яму раскрыць «антыгрузінскую змову» Масквы
Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі падчас пасяджэння суда распавёў, што раскрыў «антыгрузінскую змову» Масквы з дапамогай Аляксандра Лукашэнкі. Аб гэтым піша «Камерсант».
30.11.2021 / 12:07
Фота: AFP
Распавядаючы пра падзеі ў лістападзе 2007 года, Саакашвілі заявіў, што за выступамі апазіцыі нібыта стаяла Расія. Пры гэтым экс-прэзідэнт спаслаўся на тагачасныя размовы з Лукашэнкам.
Лукашэнка нібыта распавёў Саакашвілі, што расійскі лідар Уладзімір Пуцін заяўляў аб хуткім станаўленні прэзідэнтам Бадры Патаркацышвілі — расійска-грузінскага бізнэсмена і найбліжэйшага партнёра Барыса Беразоўскага. Да гэтай размовы «тры генералы ФСБ выехалі ў Мінск і сустрэліся там з Патаркацышвілі», падгаворваючы зладзіць у Тбілісі дзяржаўны пераварот, запэўніў Саакашвілі.
«Гэта было на пачатку верасня 2007 года, а ў лістападзе Патаркацышвілі выступіў на вялікім мітынгу ў Тбілісі. Неўзабаве мітынгі прынялі небяспечны характар, і МУС было вымушанае ўжыць сілу», — узгадаў экс-прэзідэнт.
Раніцай 29 лістапада Міхаіла Саакашвілі даставілі ў суд на пасяджэнне па справе аб жорсткім разгоне мітынгу 7 лістапада 2007 года. Былога прэзідэнта Грузіі абвінавачваюць у датычнасці да сілавых дзеянняў паліцыі і спецслужбаў, у выніку якіх сотні ўдзельнікаў пратэстнай акцыі патрапілі ў бальніцы з сярэднімі і цяжкімі траўмамі.
Падчас пасяджэння Саакашвілі адмовіўся прызнаваць абвінавачванне пракуратуры і грузінскае правасуддзе, параўнаўшы яго з «загадзя напісанай камедыяй».