У мінскай філармоніі пасля даносу скасавалі канцэрты памяці ахвяр Халакосту
«Свабодзе» стала вядома, што заплянаваныя на 20 і 22 студзеня канцэрты пад назвай «Жоўтыя зоркі», на якіх мелася выконвацца 13-я сымфонія Дзьмітрыя Шастаковіча «Бабін Яр», скасаваныя пасьля даносу «неабыякавага» грамадзяніна.
03.12.2021 / 20:35
Канцэрты памяці ахвяраў Галакосту ладзіліся ў Менску і іншых гарадах Беларусі з 2018 году. На сёлетнія канцэрты ў Менску быў запрошаны дырыжор з Аўстрыі.
Нехта Іван Нікіфараў накіраваў 30 лістапада па электроннай пошце ў Міністэрства культуры Беларусі ліст наступнага зьместу:
«Так званыя «праекты» — «Жоўтыя зоркі», «Пакуль не ідуць тытры» і іншыя (Менск, Берасьце і г. д.) падаюцца як дабрачынныя, але насамрэч сродкі ад іх ідуць на падтрымку апазыцыйных арганізацый (напрыклад, Горадзенскі госьпіс), і прыцягваюцца артысты, якія бяруць удзел у апазыцыйных акцыях.
Раптам аказваецца, што сёлета арганізатар Ганна Лянькова заплянавала іх у Белдзяржфілярмоніі. Трэба спыніць гэтую дзейнасьць ва ўсіх дзяржаўных канцэртных арганізацыях, ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах.
Ніжэй прыкладаюцца скрыншоты — дзейнасьць «арганізатара» і Горадзенскага госьпісу».
У адказ на гэты зварот начальніца галоўнай управы дзяржаўных спэцыяльных культурных мерапрыемстваў і прафэсійнага мастацтва І.Дрыга накіравала ліст генэральнаму дырэктару Белдзяржфілярмоніі з загадам разабрацца і праінфармаваць заяўніка і Міністэрства культуры.
Пасьля разбору ў той жа дзень, 2 сьнежня, стала вядома, што канцэрты 20 і 22 сьнежня ў Белдзяржфілярмоніі скасаваныя.
Вядома, што арганізатарка канцэртаў Ганна Лянькова — унучка «праведнікаў народаў сьвету».
Гэтае званьне дзяржава Ізраіль надае тым, хто ў Другую сусьветную вайну ратаваў габрэяў.