З крамаў знікнуць батончыкі Mars і Sniсkers? Тлумачым, што будзе з шакаладкамі з-за санкцый

Сярод імпартных тавараў, якія падпадуць пад беларускія санкцыі, — кандытарскія вырабы. А значыць, частку шакаладу і цукерак нельга будзе ўвозіць. Паглядзелі, што можа знікнуць з прылаўкаў.

08.12.2021 / 21:03

Фота: tv3.lt

Многія папулярныя шакаладныя батончыкі — Sniсkers, Mars, Twix, Bounty — выпускае амерыканская кампанія Mars. Але тыя, што прадаюцца ў нас, завозяцца з расійскага завода ў Маскоўскай вобласці. Таму санкцыі іх не закрануць.

Тое ж з цукеркамі ў какосавай стружцы Raffaello. Брэнд належыць італьянскай кандытарскай кампаніі Ferrero, але для беларускага пакупніка іх вырабляе завод ва Уладзімірскай вобласці Расіі.

Швейцарская кампанія Nestle адказвае за аднайменныя шакаладкі і батончыкі Lion. З першымі нічога не здарыцца: для нашага рынку іх выпускае фабрыка ў Самары. Але батончыкі робяцца ў Польшчы, якая ў санкцыйным спісе.

Брэнд Milka належыць амерыканскай кампаніі Mondelēz International. У слодычаў на нашых прылаўках вытворцы розныя — ёсць і Расія (фабрыка ў Пакрове), ёсць і еўрапейскія краіны (Польшча, Італія). Таму гэтыя шакаладкі і печыва не знікнуць цалкам з крамаў.

А вось шакаладкі Ritter Sport і Schogetten выпускае толькі Германія. Яны могуць аказацца ў дэфіцыце. Як і Toblerone са швейцарскай фабрыкі, цукеркі «Дары мора» з бельгійскай.

Таксама пад санкцыі трапіць прэміяльны шакалад Lindt і Karl Fazer. Першы ў Беларусь пастаўляе Францыя (хоць гэта швейцарскі шакалад), другі — Фінляндыя.

Знікнуць могуць ледзянцы ў бляшаных каробках (брэнд Cavendish). Іх завозілі з Германіі.

З Roshen складанае пытанне. Украінскія вытворцы не трапляюць пад санкцыі. Але Беларусь уводзіць ліцэнзаванне для часткі імпарту з Украіны, у тым ліку шакаладу. Праз гэта могуць быць складанасці ці затрымкі з пастаўкамі.

У дэфіцыце верагодна акажуцца жавальныя цукеркі Harribo. На беларускі рынак іх пастаўляе Венгрыя. А яшчэ Mentos, які завозяць з Нідэрландаў.

Затое папулярным жавальным гумкам нічога не пагражае — у беларускія крамы яны трапляюць з расійскіх фабрык. Orbit робяць у Піцеры, Dirol — у Ноўгарадзе.

Варта адзначыць, што нават па забароненых катэгорыях тавару пад санкцыі трапіць не ўся прадукцыя. Па-першае, будуць у продажы тавары, увезеныя да канца гэтага года. Па-другое, увядуць спецыяльныя квоты, каб «забяспечыць збалансаванасць на спажывецкім рынку».

Чытайце таксама:

Урад прыняў пастанову аб санкцыях: у «чорны спіс» патрапіла мяса, малако, кандытарка і садавіна з ЕС, ЗША і Канады. Што гэта значыць?

Nashaniva.com