«Нанесеная рэпутацыйная шкода»: кіраўнік МЗС Літвы заявіў, што сыдзе ў адстаўку праз беларускі калій

Лідар кансерватараў, міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заяўляе, што гатовы сысці ў адстаўку, калі высветліцца, што «Беларуськалій» унёс перадаплату Літоўскай чыгунцы ужо пасля таго, як санкцыі набылі моц 8 снежня, піша Delfi.lt.

09.12.2021 / 14:03

Delfi.lt

«Сёння я сказаў прэм'ер-міністру, насамрэч, учора ўвечары, што я гатовы сысці ў адстаўку, і я чакаю рашэння прэм'ер-міністра», — сказаў Ландсбергіс журналістам у Сейме ў чацвер.

«Я разумею, якая рэпутацыйная шкода нанесеная Літве», — адзначыў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

З набыццём у сераду моцы амерыканскімі санкцыямі «Беларуськалій» працягвае транзіт сваіх тавараў праз Літву.

Грузы «Беларуськалія» ў Клайпеду будуць пастаўляцца як мінімум да канца снежня

Літоўская чыгуначная кампанія паведаміла, што ў лістападзе «Беларуськалій» выканаў авансавы плацёж за паслугі перавозкі, і гэтых сродкаў можа хапіць для перавозкі угнаенняў у снежні і часткова ў студзені. Кампанія сцвярджае, што аб плацяжы авансам былі інфармаваныя міністэрства транспарту і замежных спраў.

Ландсбергіс сказаў, што чыгунка інфармавала толькі аб вераснёвым авансе за кастрычніцкія паслугі. «Сітуацыя, якая адбылася пасля, — пра яе не інфармавалі», — сцвярджае кіраўнік літоўскай дыпламатыі. «Аб далейшых плацяжах не паведамілі», — дадаў ён.

Прадпрыемства LTG Cargo, якое ўваходзіць у групу чыгуначнай кампаніі, у сярэднім перавозіла па 10 млн тон грузаў «Беларуськалія» ў год прыблізна за 60 млн еўра.

Пазней пра гатоўнасць сысці ў адстаўку заявіў таксама міністр транспарту Марыус Скуодзіс.

Nashaniva.com