Памёр вядомы дырыжор Міхаіл Фінберг. Яму ішоў 75 год
Кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі, народнага артыста Міхаіла Фінберга сёння не стала. Пра гэта калектыву паведамілі ў 6 гадзін раніцы. Тэлеканал АНТ паведамляе, што апошнія дні Міхаіл Фінберг быў у шпіталі.
11.12.2021 / 10:08
Фота: Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі
Фінберг нарадзіўся 21 лютага 1947 года ў Мазыры. Там жа жыў і вучыўся. Калі прыйшла пара выбіраць прафесію, вырашыў, што будзе музыкантам. Але ён пяць разоў не паступіў у музычнае вучылішча, таму вырашыў паспрабаваць граць у вайсковым аркестры ў Курску. Дзякуючы гэтаму, праз пару год ён стаў студэнтам Мінскага музычнага вучылішча, а ўжо пасля — кансерваторыі.
Потым Фінберг працаваў у аркестры мінскага цырка. Там пісаў музыку і ствараў аранжыроўкі. З 1987 года быў мастацкім кірўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі. У 2005-м аркестр стаў нацыянальным, а ў 2010-м — акадэмічным.
Таксама Міхаіл Фінберг быў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу на працягу двух скліканняў, уваходзіў у савет па культуры пра Савеце міністраў.
У 2020-м годзе Фінберг досыць рэзка выказваўся наконт масавых пратэстаў. Ён лічыў, што на вулічныя акцыі ходзяць бандыты.