Абяцала змякчыць прысуд. Родныя зняволеных паверылі мінчанцы і аддалі ёй больш за 30 тысяч рублёў

Мы ўжо пісалі аб тым, што з'явіліся людзі, гатовыя за грошы паручыцца за асуджаных. Днямі затрымалі 34-гадовую мінчанку, якую падазраюць у махлярстве. Яна брала грошы ў сваякоў зняволеных і абяцала палепшыць іх становішча.

11.12.2021 / 10:30

Жанчына пад рознымі імёнамі ўступала ў групы, у якіх размаўлялі сваякі падазраваных і асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў. Яна заяўляла, што мае «плечы» ў сілавых структурах. Таму за грошы яна абяцала камусьці больш мяккі прысуд, камусьці замену рэжыму, а камусьці перавод у іншую выпраўленчую ўстанову.

З 2017 года ёй паверылі больш за 10 чалавек і перадалі грошай на суму каля 30 тысяч рублёў. Як паведамляе МУС, абяцанні свае яна не выконвала, а атрыманыя грошы пакідала сабе.

У дачыненні да жанчыны завялі некалькі крымінальных спраў: за махлярства і падбухторванне да дачы хабару. Раней яна была судзімая за гандаль людзьмі.

Nashaniva.com