Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» ў двух чытаннях прыняты Палатай прадстаўнікоў
Цяпер яго павінен ухваліць Савет рэспублікі і падпісаць Лукашэнка.
14.12.2021 / 10:11
БелТА
Нагадаем, што праект закона быў унесены дэпутаткай Ананіч і ўхвалены парламентам.
У праекце генацыдам беларускага народа прызнаюцца забойствы савецкіх грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі БССР, нацыстамі, іх памагатымі, нацыянальстычнымі фармаваннямі ў перыяд Вялікай айчыннай вайны і да 31 снежня 1951 года.
У Крымінальны кодэкс прапануецца дадаць артыкул 130-2, які будзе прадугледжваць адказнасць за адмаўленне генацыду беларускага народа з пакараннем да 5 гадоў турмы. За паўторнае парушэнне закона прадугледжана ад 3 да 10 гадоў турмы.
Згодна з праектам, Саўмін будзе прымаць меры, каб генацыд беларускага народа быў прызнаны на міжнародным узроўні.
Гісторыкі крытычна паставіліся да апублікаванага праекта. Аляксандр Фрыдман напісаў, што такім законам Лукашэнка «прысвойвае» ахвяр Халакосту, аб’яўляючы ў прапагандысцкіх мэтах «беларускім народам» усіх грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі БССР падчас вайны і пасля, а словы «яўрэі» і «Халакост» у праекце Ананіч чакана адсутнічаюць.