Як праўладная «Мінская праўда» крадзе артыкулы «Нашай Нівы» СКРЫНШОТЫ

Скандальная праўладная газета смела перадрукоўвае артыкулы незалежных медыя. І выдае іх за матэрыялы сваіх аўтараў. Гаворка пра «Мінскую праўду», вядомую сваімі скандальнымі карыкатурамі. У кантэксце рыторыкі дзяржаўных СМІ сітуацыя выглядае камічнай.

15.12.2021 / 14:06

Мы заўважылі як мінімум тры тэксты, якія цалкам дублююць нашаніўскія. Адзін з іх — пра рэзкі рост цэн на гародніну. Матэрыял быў апублікаваны 28 лістапада. На сайце «Мінскай праўды» ён з’яўляецца на наступны дзень. Па дзіўным супадзенні аўтар дзяржаўнай газеты таксама параўноўвае цэны на бульбу, моркву, буракі, цыбулю і капусту.

А далей распісвае прычыны падаражання: надвор’е, тое, што фермеры праз нізкія цэны ў папярэдні год пасадзілі менш гародніны, нізкі ўраджай у Расіі. Амаль слова ў слова такія ж прычыны (нават у такой жа паслядоўнасці) прапісаныя ў нашым тэксце — як каментарый супрацоўніка аддзела закупак буйной гандлёвай сеткі.

Проста параўнайце цытаты:

Зверху — цытата з матэрыялу «Нашай Нівы», знізу — «Мінскай праўды». Скрыншоты тэкстаў цалкам захаваныя ў рэдакцыі

Лёгкі рэрайт — і вось перад вамі эксклюзіў.

Другі прыклад — артыкул пра тое, чаму абваліўся рэйтынг Зяленскага. Наша рэдакцыя апублікавала яго 26 лістапада. Мінская газета змяшчае сваю аналітыку 10 снежня. І зноў жа: набор выбраных цытат украінскага прэзідэнта, аргументы, высновы — як пад капірку.

Параўнайце самі:

Толькі замест каментарыя палітычнага эксперта Аляксея Рагавіка разбор робіць сам аўтар тэкста. Рады за яго шырокую эрудыцыю і праніклівасць.

Яшчэ адзін прыклад — матэрыял пра тое, што будзе з імпартнымі шакаладкамі пасля беларускіх контрсанкцый. На «Нашай Ніве» тэма выйшла 8 снежня, на сайце «Мінскай праўды» публікацыя з’явілася 13 снежня. Усе прыклады з еўрапейскімі шакаладкамі і жавальнымі гумкамі паўтараюцца. Нават згадванне ўкраінскага Roshen, які да санкцый не адносіцца, — мы дадалі яго проста для агульнай карцінкі. 

Адзінае, што дапісаў ад сябе аўтар, — гэты радок: «Да и у нас самих достаточно развитая пищевая промышленность и очень качественные кондитерские изделия, так что без сладостей в любом случае белорусы не останутся».

Усе матэрыялы выдаюцца як аўтарскія тэксты. Яны падпісаныя Аляксандрам Чорным. Ну ці не талент? Магчыма, ён чытае думкі і журналістаў іншых СМІ (прынамсі нататку з Бі-бі-сі пад яго імем мы бачылі).

Мы патэлефанавалі ў «Мінскую праўду». Генеральны дырэктар Ларыса Коршун здзівілася нашай прэтэнзіі.

Скрыншот БТ

«Мы праверым. Наогул, мы тэксты правяраем праз антыплагіят, глядзім, каб яны былі ўнікальныя, — удакладніла яна. — Сумненні ў нас ёсць, што гэта вашы тэксты. А вы самі праз антыплагіят праганялі? 

У нас у дзень выходзяць дзясяткі матэрыялаў, большая маса з іх унікальная. Недзе бывае рэрайт, але спасылацца на вашу крыніцу наўрад ці будзем. Скажу вам шчыра, я за вашай крыніцай не сачу».

У кампетэнцыях Аляксандра Чорнага ў рэдакцыі не сумняваюцца.

«Гэта рэгіянальны наш аўтар. Усе яго матэрыялы дагэтуль былі ўнікальныя», — запэўніла Коршун.

Чытайце па тэме:

Адказ прэс-сакратара Беларускага касцёла на абразу «Мінскай праўды»: Мы молімся і за нашых ворагаў

Аўтар карыкатуры на каталіцкіх святароў у «Мінскай праўдзе» не разумее, чаму разгарэўся скандал

Nashaniva.com