Памёр трэнер па бодзібілдынгу Антон Качанаў, які ў снежні 2020 года быў збіты, верагодна, з палітычных прычынаў
Пасля збіцця Антон Качанаў прабыў два тыдні ў коме, потым праходзіў працяглую рэабілітацыю. Навіну пра яго смерць паведаміў Андрэй Стрыжак. Што стала прычынай смерці, невядома.
15.12.2021 / 11:14
Антон Качанаў — майстар спорту па паўэрліфтынгу. Ён трэніраваў прафесійных бікіністак, яго падапечныя станавіліся чэмпіёнкамі краіны.
Ён быў збіты ў ноч на 19 снежня. У краме адбылася спрэчка з невядомым мужчынам, які ўдарыў Антона на выхадзе. Траўматычнае падзенне і ўдар галавой прывялі да комы.
«У Антона пералом зводу чэрапа, была цяжкая аперацыя з выдаленнем гематомаў, аперыраваў вядомы нейрахірург Дзмітрый Вееўнік», — паведамілі тады «Нашай Ніве» сваякі Антона.
На яго рэабілітацыю неабыякавыя беларусы сабралі каля 6 тысяч еўра.
Тады ж паведамлялася пра затрыманне таго, хто біў Антона, і пра тое, што праводзяцца следчыя дзеянні. Маці Антона была ў следчай, дзе прагучала слова «патрыёт» у дачыненні да злачынцы. Як ідзе крымінальная справа, невядома.
Пахаваюць Качанава на радзіме ў Баранавічах.