Беларусь хоча ўзяць у Расіі $3,5 мільярда. Навошта? Гэта выратуе эканоміку?
На нарадзе ў Лукашэнкі віцэ-прэм'ер Снапкоў заявіў, што прапрацоўваецца магчымасць узяць крэдыт у Расіі памерам у 3,5 мільярда даляраў. Як адзначыў сам Снапкоў, гэтыя грошы дазволяць «кампенсаваць еўропейскія грошы па рэфінансаванні доўгу, якія выпадаюць».
16.12.2021 / 14:52
«Асноўная патрэба на сёння ў знешнім фінансаванні, гэта якраз абслугоўванне даўгоў, якія ўжо ёсць. То-бок мы пазычаем грошы, каб рэфінансаваць старыя даўгі, — тлумачыць «Нашай Ніве» Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC. — Нам у наступнымі годзе якраз прыкладна такую суму і трэба сплаціць.
Наколькі востра гэтыя грошы будуць патрэбныя, залежыць ад многіх фактараў, у прыватнасці ад таго, як будзе развівацца попыт на знешніх рынках. Сёлета мы большую частку выплат здолелі сплаціць сваімі сіламі. А запазычанні, якія мы зрабілі, дапамаглі не проста падтрымаць, а павялічыць золатавалютныя рэзервы, у тым ліку і за кошт таго, што «экспартны цуд» забяспечвў прыток валюты.
Што будзе ў наступным годзе, пакуль невядома, залежыць ад таго, як будзе развівацца экспарт, якім будзе эфект ад санкцый. Таму лепш мець гэты крэдыт, які дакладна гарантуе, што Беларусь зможа абслугоўваць знешні доўг.
Тым больш, што сам Снапкоў адзначае, што фінансавыя абмежаванні, якія ўвялі ЗША, могуць зрабіць шмат запланаваных рэчаў немагчымымі (напрыклад, выпуск бондаў на расійскім рынку).
Таму трэба шукаць такія крэдыты. Гэтыя грошы бяруцца ўсё ж на рэфінансаванне доўга, яны, хутчэй за ўсё, не будуць укладзеныя ў развіццё эканомікі».