У Сяргея Ціханоўскага з'явіўся тэлеграм-канал «Турма для жыцця». Падпісацца на яго — спосаб падтрымаць палітвязня
Святлана Ціханоўская ў відэазвароце 16 снежня заклікала беларусаў падпісацца на новы канал Сяргея Ціханоўскага «Турма для жыцця». Гэта канал, дзе будуць публікавацца навіны, цытаты, фрагменты лістоў і звароты Сяргея.
16.12.2021 / 17:31
Святлана Ціханоўская паведамляе, што з дапамогай гэтага канала Сяргей Ціханоўскі хоча размаўляць з беларусамі, нават знаходзячыся ў калоніі, піша «Свабода».
«Сяргей хоча, каб яго голас быў чутны. Таму запускаецца новы тэлеграм-канал «Турма Для Жыцця». Гэта канал аб тым, што адбываецца з ім у турме, як ён сябе адчувае, пра што перажывае, што думае пра Беларусь. Бо ў зняволенні таксама ідзе сваё жыццё: непрывабнае ў побыце, эмацыйна цяжкае, са сваімі момантамі радасці і болю. Але гэта аб’ектыўная рэальнасць тысяч нявінных людзей. Уся інфармацыя для канала бярэцца з лістоў Сяргея ды з іншых публічных крыніц. Я прашу вас падтрымаць праект — гэта вельмі важна для ўсіх нас», — сказала Ціханоўская.
14 снежня блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калоніі. Гэта максімальнае пакаранне, якое атрымаў апанент Лукашэнкі за 27 гадоў. Ціханоўскага абвінавацілі па ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варажнечы), ч. 2 арт. 191 (перашкоды працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Разам з ім суддзя Мікалай Доля асудзіў яшчэ 5 палітвязняў.
- Журналісту «Радыё Свабода» Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зняволення ўзмоцненага рэжыму.
- Аператару Арцёму Сакаву — 16 гадоў узмоцненага рэжыму.
- Палітыку Міколу Статкевічу — 14 гадоў асаблівага рэжыму.
- Мадэратару сацыяльных сетак Дзмітрыю Папову — 16 гадоў узмоцненага рэжыму.
- Блогеру Ўладзіміру Цыгановічу — 15 гадоў зняволення ўзмоцненага рэжыму.