«Іх білі і не давалі вяртацца». Мінчанка выратавала сям'ю курдаў, якія 22 дні прабылі на беларуска-польскай мяжы
Калі Таццяна даведалася пра тое, што каля пагранзаставы «Тушамля» больш за тры тыдні ў нечалавечых умовах знаходзіцца сям'я курдаў, якіх пабілі і не выпускаюць назад, яна спачатку не паверыла. Мінчанка праз сваю сяброўку звязалася з мігрантамі па відэасувязі. І калі ўбачыла людзей з сінякамі на тварах у лесе каля вогнішча, зразумела: людзей трэба ратаваць.
21.12.2021 / 07:49
Фота: уласны архіў Таццяны.
«З машыны выскачылі пяцёра людзей у форме, збілі людзей, усё гэта адбывалася на вачах у жанчын»
Пра сям'ю курдаў, што згубілася ў Беларусі, мінчанка Таццяна (сваё прозвішча жанчына просіць не называць з меркаванняў бяспекі, але ўсе звесткі ёсць у Рэдакцыі) даведалася ад сваёй сяброўкі Тары у 20-х чыслах лістапада.
«Яна з Ірака, і па нацыянальнасці таксама курдка. Мы пазнаёміліся два гады таму ў міжнароднай групе ў фэйсбуку, дзе разам вывучалі англійскую мову. Спачатку былі проста прыяцелькамі, а потым пачалі сябраваць, — расказвае жанчына. — У лістападзе, калі ў Беларусі ўжо кіпеў міграцыйны крызіс, Тара даслала мне відэа. На ім былі змучаныя мужчыны. На выгляд — курды. Хтосьці з іх сядзеў, хтосьці ляжаў ля вогнішча — у брудзе і холадзе. Некаторыя — са шматлікімі гематомамі і сінякамі.
Тара напісала мне, што гэтыя людзі з'язджалі ў надзеі адвезці сваю сям'ю да родных у Еўропу, але сталі закладнікамі сітуацыі, якая разгортваецца на беларуска-польскай мяжы».
Таццяна прызнаецца, што пасля ўбачанага зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца, яна не магла. Праўда, папярэдне вырашыла ўсё ж уключыць цвярозы розум і праверыць інфармацыю.
Спачатку вырашыла ўдакладніць у сяброўкі, дзе яна ўзяла гэтае відэа. Тая патлумачыла, што яго паказалі ў Іраку і што ў сюжэце гаварылася пра збіццё курдаў людзьмі ў форме.
«Прытым паведамлялася, што б'юць і мужчын, і жанчын. А пачалося ўсё пасля таго, як уцекачы паспрабавалі пакінуць прыгранічны лес, каб вярнуцца адтуль у Мінск, а з Мінска — назад у Ірак.
Пра якіх людзей у форме ішла гаворка, не ўдакладнялася, бо мігранты не адрозніваюць вайскоўцаў па форме і не могуць вызначыць іх род войскаў, — кажа наша суразмоўца. — Я адмаўлялася ў гэта верыць і перапытала: «Можа, яны ўсё ж жывуць у якім-небудзь свіране або старым доме? Можа, гэта інсцэніроўка? Можа, нейкая бойка завязалася паміж самімі курдамі?»
Але Тара запэўніла: «Яны сапраўды жывуць у лесе і спяць на зямлі. Яны пабудавалі нешта накшталт шалаша і хаваюць там дзяцей». Я была ў шоку».
Як доказ, Тара даслала Таццяне кантакты брата аднаго са збітых мужчын з таго самага відэа.
«Я ведаю англійскую мову, вырашыла яму патэлефанаваць. І ён адказаў. Гэта быў рэальны чалавек, у якога здарылася гора, — ледзь стрымлівае сваё хваляванне наша суразмоўца. — Ён пацвердзіў, што ў беларускім лесе сапраўды знаходзіцца яго сям'я — усяго 10 чалавек. У тым ліку чацвёра дзяцей і некалькі жанчын».
Таксама брат аднаго з курдаў Таццяне расказаў, што яго родных білі людзі ў форме. Маўляў, курды нават запісалі нумар машыны, якая да іх прыязджала.
«З яе выскачылі пяцёра, збілі людзей. Усё гэта адбывалася на вачах у жанчын. На руках у іх былі немаўляты. Калі мужоў збівалі, яны пачалі іх абараняць. Але іх адштурхнулі. Жанчыны падалі разам з дзецьмі, у іх падрапаныя твары, сінякі на нагах. У мужчын моцныя пабоі па ўсім целе», — адзначыў брат аднаго з мігрантаў.
Гэты мужчына маліў дапамагчы яго сям'і. Ён таксама расказаў, што 18 лістапада яго сям'я паспрабавала сысці з лесу і вярнуцца дадому, але іх проста адтуль не выпусцілі», — гаворыць беларуска.
«Спачатку нам абяцалі іх знайсці, а потым казалі, што мы ўсё гэта прыдумалі»
Неўзабаве Таццяна скантактавалася з Аленай Гнаук. Жанчыны вырашылі паспрабаваць выцягнуць мігрантаў з лесу. Але гэта была тая яшчэ задача. Мігранты ўключалі тэлефон на некалькі хвілін на дзень, каб выйсці на сувязь з роднымі і паведаміць апошнія навіны.
Праўда, той самы брат аднаго з мігрантаў скінуў Таццяне геалакацыю месца, дзе знаходзіліся яго родныя. З гэтымі звесткамі жанчыны сталі звяртацца ў міліцыю і да памежнікаў.
«Мы перапісвалі заявы, мы ўвесь час тэлефанавалі і пыталіся, ці ёсць зрухі… Але спачатку нам абяцалі іх знайсці, а потым казалі, што мы ўсё гэта прыдумалі, нас тупа разводзяць і ніякіх збітых мігрантаў у лесе няма», — адзначае жанчына.
Таццяна кажа, што яна і Алена пісалі ва ўсе інстанцыі: старшыню Пагранкамітэта Беларусі, старшыні Свіслацкага выканкама, місіі ААН у РБ, міжнароднай міграцыйнай службе ў РБ, у пашукова-выратавальную арганізацыю «Анёл». Апошнія былі гатовыя весці пошукі, але ў памежную зону патрапіць не змаглі.
«Мы тэлефанавалі дзяжурным памежных войскаў Гарадзенскай вобласці, бясконца спрабавалі дагрукацца да Свіслацкага РАУС, у тым ліку да яго следчых, тэлефанавалі ў амбасады Польшчы і Вялікабрытаніі. Таксама звярталіся ў Чырвоны Крыж, — пералічвае жанчына. — Напісалі мноства паведамленняў у міжнародныя групы ў фэйсбуку, бясконца былі на сувязі з роднымі людзей, якія знаходзяцца ў лесе. Урэшце я зразумела, што ім ніхто не дапаможа. І вырашыла наўпрост выйсці на гэтых курдаў».
Таццяне перадалі кантакты аднаго з мужчын з лесу — юрыста з адукацыі, якога завуць Азад. Cядзела над тэлефонам з адкрытым Viber і чакала, пакуль загарыцца значок «анлайн».
«І дачакалася! — эмацыйна расказвае Таццяна. — Я адразу патэлефанавала на гэты нумар і спецыяльна ўключыла відэазванок, каб канчаткова ва ўсім пераканацца. Тое, што я пабачыла, — жах. На мяне глядзеў змучаны мужчына, ён сапраўды быў у лесе, там было холадна і ішоў дождж. Побач з імі былі іншыя — яны глядзелі і не маглі зразумець, хто я, што я ад іх хачу і як наогул іх знайшла. На заднім фоне быў калючы дрот».
«Я спытала, дзе яны знаходзяцца. А яны: «Мы ў джунглях». Яны называлі Белавежскую пушчу джунглямі. Я ўбачыла там вогнішча. Каля яго, наўпрост на траве і ў гразі, ляжалі мужчыны. Яны расказалі, што жанчыны і дзеці хаваюцца ў лесе, а яны прыходзяць да гэтага плота і дзяжураць каля яго ў надзеі, што ім адкрыюць польскую мяжу, — працягвае мінчанка. — Падчас гэтага дзяжурства яны сядзяць ля вогнішча, спрабуюць сагрэцца і проста чакаюць. Я папрасіла даслаць мне іх геалакацыю. І яны даслалі».
«А потым напісаў брат курдаў: «Міс, куды ім ехаць?» Я дала свой адрас»
Жанчына адразу стала тэлефанаваць у міліцыю, туды ж дасылала і відэа, на якім было бачна, што мігранты знаходзяцца ў беларускім лесе. Далей, па яе словах, рашэнне давялося прымаць экстранна.
«Я размаўляла па тэлефоне з адным з курдаў. Тым самым юрыстам Азадам. Я спытала, ці правільна яны даслалі мне апошнюю геалакацыю, бо ў міліцыі запэўнівалі, што шукалі, але там нікога няма, — працягвае наша суразмоўца. — Ён адказаў: «Так, міс, мы яе зрабілі зусім нядаўна. І да нас сапраўды прыязджалі вайскоўцы, але не дзеля таго, каб вывезці з лесу.
Яны вельмі крычалі з-за таго, што мы дасылаем вам інфармацыю, патрабавалі аддаць тэлефон і пагражалі забіць мяне». А потым ён раптам сказаў: «Міс, прабачце. Ідзе паліцэйскі». І сувязь перарвалася.
У гэты момант я страціла надзею. Я зразумела, што яшчэ трохі — і я ніколі не выдрапаю іх з гэтага лесу».
Тады Таццяна пайшла ва-банк і патэлефанавала ў Свіслацкае РАУС з патрабаваннем неадкладна расследаваць дзеянні пагранічнікаў з нагоды пошуку гэтых людзей. Яна таксама пакінула ўсе свае кантакты, звесткі, каардынаты і сказала, што гатовая прыняць мігрантаў у сябе дома.
«Наколькі цесна ўзаемадзейнічае міліцыя і памежнікі, я не бяруся судзіць. Я нават не выключаю, што з міліцыі сапраўды тэлефанавалі памежнікам і казалі, што ў іх ёсць відэадоказ і лакацыя… Але факт застаецца фактам: людзі на той момант па-ранейшаму заставаліся ў небяспецы», — гаворыць яна.
Пасля апошняй заявы Таццяны ў міліцыю мінула зусім крыху часу. Неўзабаве зазваніў тэлефон. На тым канцы проваду быў усхваляваны сваяк курдаў. Ён паведаміў, што толькі што яму цудам паспелі патэлефанаваць родныя з лесу і сказалі, што іх пасадзілі ў нейкую машыну і кудысьці вязуць.
«Я ўзмалілася: «Калі ласка, скіньце мне геалакацыю», — эмацыйна расказвае Таццяна. — Тэлефанаваць сама я баялася. Бо думала, што зазвоніць тэлефон — і яго ў іх проста адбяруць. Тады мы пра іх наогул нічога не даведаемся. На шчасце, па дарозе ўжо самі курды змаглі скінуць мне геалакацыю.
Я зразумела, што іх вязуць па трасе М6, якая ідзе ў Мінск. А потым напісаў брат курдаў: «Міс, куды ім ехаць?» Я дала свой адрас. Да мяне дайшло: хтосьці там зразумеў, што я не адстану, і проста вырашыў пазбавіцца ад гэтай сям'і, каб не падымаць залішнюю шуміху».
«Курды казалі, што польскія ваенныя падкормлівалі іх: перадавалі прадукты праз дрот»
У Мінску мігрантаў давезлі да ўчастка міліцыі на Маякоўскага і высадзілі. Да Таццяны яны дабраліся на таксі. Была 3-я гадзіна ночы 23 лістапада.
«У кватэру да мяне зайшлі 11 чалавек, — успамінае Таццяна. — Яны былі вельмі напалоханыя. У жудасным стане. Яны глядзелі на мяне са здзіўленнем і не разумелі, чаму я ўсё гэта дзеля іх раблю. Я абняла кожнага з іх. А з жонкай таго самага юрыста Азада абняліся ўвогуле як з роднай сястрой.
Калі мы спрабавалі пачаць адно з адным пагаварыць, адразу пачыналі плакаць — такія ўсе былі выматаныя. Я супакойвала іх, казала, што не кіну і дапамагу. Разумееце, у гэтай сям'і чацвёра дзяцей. Двое з іх — вельмі маленькія. Тое, што яны выжылі, — сапраўдны цуд».
Таццяна кажа, што ў курдаў на целах і тварах былі сінякі. Падрапаныя твары і сінякі на целах былі і ў жанчын з дзецьмі.
«Яны расказалі, што пражылі ў лесе 22 дні. Спачатку харчаваліся тым, што ўзялі з сабой: трохі хлеба, трохі шакаладу, некалькі ёгуртаў, — расказвае жанчына. — Потым ежа скончылася, і людзі сталі галадаць. У стане безвыходнасці яны пачалі прасіць аб дапамозе польскіх вайскоўцаў.
Курды казалі, што польскія вайскоўцы падкормлівалі: перадавалі прадукты праз дрот. Дзякуючы ім гэтая сям'я не памерла з голаду.
Адзін з хлопцаў, Араз, быў у вельмі дрэнным стане. У лесе ў яго адкрыўся страўнікавы крывацёк. Яны спрабавалі яго выратаваць. Прасілі дапамогі ў беларускага боку. Але там далі адну пілюлю. Ім нічога не заставалася рабіць, як ісці парушаць граніцу і прасіцца да палякаў.
Палякі іх, канешне, арыштавалі, але пайшлі насустрач. Адвезлі ў польскі шпіталь, дзе гэтаму хлопцу паставілі кропельніцы, і ён неяк ачомаўся. А потым зноў вярнулі назад».
«Аказалася, што гэта вельмі інтэлігентная і прыстойная сям'я. На радзіме яны жылі ў вялікім бацькоўскім доме, але вырашылі з'язджаць у Еўропу да родных, ратаваць дзяцей і сябе, — працягвае Таццяна. — Яшчэ гэта вельмі сціплыя людзі: па іх тварах я ўбачыла, што такіх умоў, як у мяне дома, у іх няма. Былі радыя любой ежы.
Я накарміла іх вячэрай, паклала спаць… Усе падалі ад стомленасці. А калі ўбачылі, што я дастаю пасцелю, заплакалі. Гэтыя людзі не спалі ў нармальных умовах доўгі час».
Па словах Таццяны, увесь наступны дзень выратаваная сям'я спрабавала адмыцца і хоць трохі прыйсці ў сябе. З сабой у іх былі толькі некалькі заплечнікаў і не так шмат адзення. Таццяна кінула кліч па суседзях — і людзі адразу адгукнуліся. Пачалі прыносіць самыя неабходныя рэчы: абутак, курткі, шапкі.
«Яны вельмі непераборлівыя і ўсё бралі з вялізарнай удзячнасцю. Гэта вельмі небагатыя людзі. Іх узровень жыцця дакладна ніжэйшы за наш. Яны папрасілі завезці іх у самы танны магазін — у дзяцей не было памперсаў і сухога малака. У краме яны куплялі толькі тое, што было на зніжках, — працягвае жанчына. —Наступным вечарам яны ад мяне сышлі і яшчэ нейкі час прабылі ў Мінску. Але доўга ў Беларусі заставацца не хацелі. Я вельмі перажывала, што пасля ўсёй гэтай гісторыі ім могуць нашкодзіць нават у Беларусі. Але ўсё роўна прасіла даць паказанні аб збіцці. Іх кантакты я дала міліцыі. Але паказанні ў іх так ніхто і не ўзяў».
Пасля сітуацыі з курдамі Таццяна баіцца за сваю бяспеку. А вось да Алены Гнаук ужо прыходзілі з ператрусам наконт гэтай справы. Пра гэта актывістка расказала «Нашай Ніве».
Азад: «Пасля ўсяго, што з намі тут адбылося, жыць у Беларусі мы не хочам»
«Нашай Ніве» вядома, што цяпер сям'я курдаў знаходзіцца ў Іраку. Мы выйшлі на сувязь з тым самым Азадам, з якім камунікавала Таццяна і актывістка Алена Гнаук. Мужчына не вельмі добра размаўляе па-англійску, але ён пацвердзіў, што яго разам з сям'ёй на мяжы збівалі людзі ў форме. Азад іх назваў «пагранічнікі».
«Надвор'е было вельмі халоднае. Але нам не давалі нават вады. Нам не давалі нават крыху вады!» — эмацыйна выказаўся ён.
Па словах Азада, яны хацелі трапіць у Еўропу з-за таго, што жыццё ў Іраку вельмі складанае і небяспечнае: цяжкасці з працай, жытлом, навучаннем дзяцей. Чаму выбраў шлях менавіта праз Беларусь? Па яго словах, у Іраку ішла рэклама пра тое, што так можна трапіць у Еўропу. Азад разам з сям'ёй прыляцелі ў Беларусь праз Дубай.
Патрацілі на квіткі па $1000 з кожнага. Ужо з Мінска дабраліся да мяжы і хацелі яе перайсці, але не выйшла. Потым жа сабраліся назад, але іх ужо не пускалі людзі ў вайсковай форме. Так яны правялі на мяжы 22 дні.
На пытанне аб тым, чаму пасля таго, як трапіць у Польшчу сям'і ўсё ж не ўдалося, яны не папрасілі прытулку ў Беларусі, каб не вяртацца на небяспечную радзіму, мужчына адказаў:
«Магчыма, для кагосьці Беларусь для жыцця і добрая краіна, але пасля ўсяго, што з намі тут адбылося, жыць у Беларусі мы не хочам. Для нас гэта не добрая краіна для жыцця».
Афіцыйна
«Наша Ніва» звярнулася ў прэс-службу Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, а таксама ў Свіслацкае РАУС з просьбай пракаментаваць сітуацыю з курдскай сям'ёй. Пакуль адказу мы не атрымалі. Як толькі іх атрымаем, адразу ж апублікуем.