Дэпутаты і сенатары прынялі бюджэт на 2022 год

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год». Таксама праект ухвалілі і сенатары. Бюджэт плануецца сфарміраваць з дэфіцытам, які перавысіць у наступным годзе 2,8 мільярда рублёў, або амаль 1 мільярд еўра.

22.12.2021 / 18:09

Даходы рэспубліканскага бюджэту на 2022 год прагназуюцца ў суме 27 827 460 695 рублёў. Структуру даходаў рэспубліканскага бюджэту складаюць падатковыя даходы, непадатковыя даходы, бязвыплатныя паступленні. Асноўнымі падатковымі крыніцамі даходаў рэспубліканскага бюджэту ў 2022 годзе з'яўляюцца падатак на даданую вартасць, падатак на прыбытак, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.

Расходы рэспубліканскага бюджэту на 2022 год складуць 30 672 181 344 рублі.

У 2022 годзе асноўнымі мэтамі для сектара дзяржаўных фінансаў будуць з'яўляцца забеспячэнне эканамічнага росту на аснове павышэння эфектыўнасці выкарыстання знешніх і ўнутраных рэсурсаў у інтарэсах росту дабрабыту насельніцтва Беларусі і скарачэнне рэгіянальных дыспрапорцый.

На 2022 год фармаванне рэспубліканскага бюджэту ажыццёўленае з дэфіцытам 2 844 720 649 рублёў.

Цікава, што ў наступным годзе ў бюджэт краіны будуць уключаныя сродкі такіх бюджэтных фондаў, як фонд нацыянальнага развіцця, рэспубліканскі цэнтралізаваны інавацыйны фонд, рэспубліканскі дарожны фонд, рэспубліканскі фонд універсальнага абслугоўвання сувязі і інфарматызацыі, рэспубліканскі фонд грамадзянскай авіяцыі.

Nashaniva.com