Расія выдала Беларусі абвінавачанага ў забойстве малдаваніна і трох беларусаў

Расійская Генпракуратура задаволіла запыты беларускіх калег аб выдачы чатырох чалавек, паведамляецца на сайце ведамства.

24.12.2021 / 08:36

У спісе на экстрадыцыю апынуўся малдаванін Іон Рысыпану, які ўжо прызнаны вінаватым беларускім судом у забойстве чалавека групай асоб з асаблівай жорсткасцю. Злачынства мужчына здзейсніў у чэрвені 2014 года ў Мінску.

Акрамя таго, Беларусі выдалі Яўгена Фурманава, які абвінавачваецца ў махлярстве. У 2020 годзе ён у Магілёве завалодаў грашыма і маёмасцю іншага грамадзяніна на 13,6 тысячы рублёў, а таксама маёмасцю крамы «ОМА» (4,4 тысячы рублёў).

Таксама Расія выдала Арцёма Марозава, які абвінавачваецца ў крадзяжы і ўхіленні ад прэвентыўнага нагляду, і фігуранта іншай крымінальнай справы аб крадзяжы Арцёма Аспяцова.

Nashaniva.com