«Калі не правесці абрад, ваш унук памрэ». 8 тысяч рублёў аддала невядомым пенсіянерка з Баранавічаў

З 73-гадовай жыхаркай Баранавічаў у двух ашуканцаў прыяцельскія адносіны завязаліся нібыта выпадкова. Яны знайшоўшы зручную прычыну заходзілі да яе ў госці, гутарылі, паведамляе МУС.

28.12.2021 / 19:40

Убіўшыся ў ласку, жанчыны прапанавалі зняць сурокі, якія хтосьці нібыта наклаў на яе ўнука. Гаспадыня пагадзілася.

Для правядзення абраду пенсіянерцы сказалі дастаць усе грошы ў доме. Яна ўзяла свае зберажэнні — 8 тысяч рублёў — і расклала на стале перад незнаёмкамі. Правёўшы рытуал, госці пераканалі жанчыну, што частку сродкаў трэба часова адвезці ў манастыр. Яны ўзялі ў яе 3 тысячы і сышлі.

Праз тры дні адна з іх вярнулася і заявіла, што для паспяховага завяршэння рытуалу патрэбныя яшчэ грошы. Атрымаўшы апошнія 5 тысяч рублёў, госця прачытала малітву, перадала пацярпелай паўлітровую бутэльку вады, якую павінен быў піць яе ўнук патроху кожны дзень, пасля чаго пакінула кватэру.

Толькі на наступны дзень пенсіянерка апамяталася і патэлефанавала ў манастыр. Там ёй параілі звярнуцца ў міліцыю.

Nashaniva.com