Пачалі з цэнаў на газ, а цяпер патрабуюць адхілення Назарбаева. Што адбываецца ў Казахстане
Прэзідэнт Казахстана адправіў у адстаўку ўрад, хоць яшчэ ўчора заяўляў, што палітычны лад у краіне застанецца нязменным. Удзельнікі пратэсту выйшлі з пратэстам супраць павышэння цэн на газ, які ў Казахстане шырока выкарыстоўваецца як паліва для аўто. Абяцанні адкаціць цану назад людзей ужо не задавальняюць, яны патрабуюць палітычных зменаў, найперш, адхілення ад улады Назарбаева і членаў яго сям’і. Пляменніка Назарбаева, які быў першым намеснікам старшыні Камітэта нацыянальнай бяспекі, адправілі ў адстаўку, а яго лічылі адным з магчымых пераемнікаў прэзідэнта.
05.01.2022 / 15:36
Пратэсты ў Казахстане пачаліся на наступны дзень новага года і не прагназаваліся, асабліва такімі жорсткімі: у сеціве шмат відэа брутальных разгонаў дэманстрантаў, з вадамётамі і святлашумавымі гранатамі, сутыкненняў з сілавікамі і захопу спецтэхнікі.
Прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў паведаміў, што прыняў адстаўку прэм’ер-міністра, гэта значыць, што ў адстаўку адправілі ўвесь урад. Выконваць абавязкі прэм’ера будзе яго намеснік, астатнія міністры працягнуць працу ў статусе выконваючых абавязкі.
Пляменніка Назарбаева, які кантраляваў сілавы блок, заменіць дыпламат, які быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Такаева. Адхіленне ад улады людзей Назарбаева — адно з асноўных патрабаванняў казахаў.
З чаго пачаўся пратэст?
Пратэсты пачаліся 2 студзеня ў Мангістаўскай вобласці, у нафтавым горадзе Жанаазен. Яго жыхары перакрылі дарогу, яны патрабавалі сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады. Прычына была сацыяльная — рэзка выраслі цэны на газ, які многія казахі выкарыстоўваюць як паліва для аўто.
За мінулы год цану падымалі некалькі разоў, яшчэ нядаўна газ каштаваў 38 тэнге за літр, а ў ноч на 1 студзеня цану паднялі да 120 тэнге. І гэта не першы пратэст, жыхары Жанаазена абураліся і ў 2020-м, а ў 2011-м годзе падчас пратэстаў загінула 16 чалавек, каля 100 былі параненыя. Тады ўсё пачалося з забастоўкі нафтавікоў, якія патрабавалі павысіць заробкі.
Кіраўнікі Жанаазена і Мангістаўскай вобласці выйшлі на перамовы з людзьмі, заявілі, што цана на газ можа быць зніжаная да 90 тэнге, але пратэстоўцаў гэта не задаволіла: яны запатрабавалі цану ў 50 тэнге.
І хоць спачатку ўлады заявілі, што гэта немагчыма, хутка змянілі сваё рашэнне і паабяцалі, што такі варыянт усё ж магчымы. Але гэта пратэст не спыніла, людзі выйшлі ўжо ў іншых буйных гарадах: у Актау, Алматы, Нур-Султан, Уральск, Актабе.
Прэзідэнт Такаеў запісаў зварот, у якім прасіў удзельнікаў пратэсту «не паддавацца на правакацыі знутры і звонку, эйфарыі мітынгаў і ўсёдазволенасці».
Прапаганда тут жа заявіла, што за пратэстамі стаяць знешнія заходнія сілы, мітынгоўцы праплачаныя і дзейнічаюць па метадычках. Паліцыя затрымала сотні чалавек па ўсёй краіне, сеціва абляцелі кадры жорсткага затрымання, у тым ліку і жанчын.
І чым адзначыўся Казахстан — у бусік з затрыманымі сілавікі зацягнулі вазок з пяцімесячным дзіцём. Спачатку па ўсёй краіне перасталі працаваць месенджары WhatsApp, Telegram і Signal, потым улады выключылі мабільны інтэрнэт, а ў Алматы яшчэ і правадны, а таксама мабільную сувязь.
Незалежная прэса ўжо даўно не можа паўнавартасна працаваць у Казахстане, падчас пратэстаў затрымлівалі тых нямногіх незалежных журналістаў і блогераў, якія засталіся ў краіне.
З аднаго боку, улады спрабавалі супакоіць людзей, з другога — жорстка затрымлівалі ўдзельнікаў пратэсту, але гэта не спыніла актыўнасць.
Наадварот, яна стала больш радыкальнай і жорсткай: мітынгоўцы захоплівалі спецтэхніку сілавікоў, пачалі паліць іх машыны, у адказ на гэта паліцэйскія пачалі кідаць святлашумавыя гранаты, пускаць слезацечны газ, задзейнічалі і вайсковую тэхніку — дарогі перакрытыя бронетранспарцёрамі.
Аднак пакуль народ не спыняецца, ідзе спроба захопу будынкаў адміністрацый. У Актабе сілавікі запусцілі вадамёты, нягледзячы на мароз.
Грамадзянскія і палітычныя свабоды ў Казахстане заціснутыя па максімуме. У краіне фактычна няма апазіцыі, Нурсултан Назарбаеў кіраваў з 1991 па 2019 год і перамагаў на выбарах, па афіцыйных лічбах, з лічбай 97,7%. Аднак пратэсты перыядычна выбухалі.
Напрыклад, у 2019 годзе ў выніку пажару зажыва згарэлі пяцёра дзяцей, іх бацькі ў гэты час былі на працы, сям’і не далі сацыяльнае жытло, яны не маглі ўладкаваць дзяцей у мясцовы дзіцячы садок. Пасля гэтага шматдзетныя маці пачалі працяглую барацьбу за павышэнне выплат сем’ям.
Што да эканамічных патрабаванняў, то цяпер людзі выступаюць таксама за зніжэнне цэн на прадукты і камунальныя паслугі, скардзяцца на высокія крэдыты і недаступнасць жытла. Але відавочна, што гэтым разам казахі не спыняцца толькі на сацыяльных пытаннях, пратэст ужо пераўтварыўся ў палітычны.
Адно з ключавых патрабаванняў — адхіленне ад улады Назарбаева
У сацсетках з’явіліся патрабаванні ўдзельнікаў пратэсту:
- гэта адстаўка ўрада (гэтае патрабаванне фармальна ўжо выкананае, але пакуль незразумела, наколькі новым па складзе будзе новы ўрад),
- адстаўка ўсіх кіраўнікоў рэгіёнаў і правядзенне новых выбараў, скліканне Канстытуцыйнай рады,
- забарона пакідаць Казахстан чыноўнікам і дэпутатам (у краіне высокі ўзровень карупцыі, і людзі баяцца, што прадстаўнікі ўлады могуць збегчы і вывезці шмат грошай, асцерагаючыся пераследу),
- вызваленне і амністыя для палітвязняў, у тым ліку для тых, хто быў вымушаны з’ехаць за мяжу,
- адкліканне вайсковых сілаў на базы іх знаходжання.
Адно з ключавых патрабаванняў — адхіленне ад улады Назарбаева, які хоць фармальна і не кіруе краінай, але пасля сыходу пакінуў за сабой пасаду кіраўніка Рады бяспекі (пажыццёва) і члена Канстытуцыйнай рады.
Пасаду старшыні кіруючай партыі ён перадаў Такаеву толькі ў лістападзе 2021-га. Законам гарантаваная недатыкальнасць былога прэзідэнта Казахстана, і гэта таксама не задавальняе ўдзельнікаў пратэсту.
Апроч таго, ва ўладзе застаюцца сваякі Назарбаева, праз якіх ён можа вырашаць свае пытанні. Яго старэйшую дачку, мужа другой дачкі і пляменніка лічаць магчымымі пераемнікамі прэзідэнта.
Касым-Жамарт Такаеў, канечне, не самастойны палітык, а пераемнік Назарбаева, таму ад яго прызначэння, узгодненага з Масквой, вялікіх чаканняў не было. Аднак некаторыя паслабленні ўсё ж адчуваліся.
Дыпламат Такаеў зацікаўлены ў змене іміджу Казахстана на Захадзе, дзе рэгулярна выходзяць справаздачы аб парушэннях правоў, а гэта часткова ўскладняе прыход інвестыцый, асабліва новых тэхналогій.
Апошнія гады Казахстан спрабуе ператварыць Нур-Султан у рэгіянальны фінансавы цэнтр, цэнтр сучаснай адукацыі і развіцця ў рэгіёне.
Фота: «Спутнік Казахстана»
У свой час была распрацаваная дзяржаўная праграма па навучанні маладых казахаў на Захадзе з умовай, што яны абавязкова вернуцца, каб падняць узровень жыцця на радзіме. І сёння выпускнікі гэтай праграмы складаюць касцяк кіраўнічай эліты краіны.
На публіцы Такаеў і Назарбаеў дэманструюць поўную згоду, аднак ускосныя прыкметы рознагалосссяў усё ж існуюць: прэзідэнт спрабаваў адсунуць ад палітыкі старэйшую дачку Назарбаева Дарыгу.
Цяпер Такаеў абяцае правесці рэформу газавай галіны, на 180 дзён уведзенае рэгуляванне цэн і на газ, і на бензін, і на дызельнае паліва, таксама паўгода абяцаюць кантраляваць цэны на прадукты.
Магчыма, увядуць мараторый на павышэнне цэн за камуналку, абяцаюць распрацаваць закон аб банкруцтве грамадзян і вырашыць пытанне з субсідыямі на арэнднае жыллё.
Такім чынам улады спрабуюць перавесці ўвагу пратэстоўцаў на выключна сацыяльныя праблемы і іх вырашэнне.
«Палітычны лад застанецца нязменным», — падкрэсліў Такаеў. Але спачатку і пра роспук урада гаворкі не ішло.
Далейшая сітуацыя будзе залежаць ад таго, ці задаволяцца людзі вырашэннем сацыяльных праблем, і як будуць паводзіць сябе сілавікі і суды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсту і ўжо затрыманых грамадзян.
Рэпрэсіўны падыход да іншадумцаў, якіх прылічваюць да экстрэмістаў, у Казахстане распачаўся яшчэ ў 2016-м. Гэта ў Беларусі толькі ў 2021-м сталі кідаць за краты за негатыўныя каментарыі і лайкі. А ў Казахстане ўжо даўно існуюць «спісы экстрэмістаў». І нават пасля адбыцця пакарання яны жывуць з абмежаваннямі — напрыклад, сілавікі вызначаюць, колькі грошай у месяц яны могуць патраціць.
Пакуль Расія асцярожна пракаментавала сітуацыю ў Казахстане.
«Перакананыя, што нашы казахскія сябры могуць самастойна вырашыць свае ўнутраныя праблемы», — выказаўся прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў
Але наўрад ці Крэмль ухваліць палітычныя саступкі народу, любое паўстанне на постсавецкай прасторы Пуцін успрымае як патэнцыйную пагрозу для рэгіёна. І менавіта Назарбаеў залагоджваў многія канфліктныя пытанні, калі Казахстан абвінавачвалі і ў недастатковай інтэграцыі, і ў празмерным нацыяналізме.