«Гэты мост не ўваходзіў у топ праблемных».
Адзін з былых кіраўнікоў Мінгарвыканкама, якія адказваюць за абслугоўванне мастоў, патлумачыў магчымыя прычыны абвалу.
08.01.2022 / 13:24
Чаму адбылося абвальванне часткі пуцеправода на Нямізе і якія працэсы паўплывалі на гэта, «Мінск-Навінам» расказаў адзін з былых кіраўнікоў Мінгарвыканкама, якія адказваюць за рамонт і абслугоўванне мастоў.
— У моста на Нямізе старая канструкцыя. Тратуар там выкананы маналітна, а метро — немалаважны фактар, які таксама трэба ўлічваць. Атрымліваецца, што за кошт вібрацый шчыліны адкрываюцца. Цяпер як раз надвор'е з пераходамі праз нуль — вада туды трапіла, адмарозіла і адарвала бэльку.
Альбо вада туды зацякала паточна, калі была нейкая расколіна, бо там унутры ёсць пустэчы. Менавіта вада магла стварыць залімітавую вагу, — паведаміў суразмоўца.
Па яго словах, усе прычыны пакажа абследаванне.
— Але гэты мост не ўваходзіў у топ кепскіх.
Адламаўся толькі тратуар, бо па старой тэхналогіі яго «прыманалічвалі» збоку, хоць па ім ездзілі часам і машыны, напрыклад, вышкі «Мінгарсвятла». Тратуар на такое не разлічаны, — растлумачыў суразмоўца.
Ён упэўнены, што разбіраць мост трэба будзе цалкам, гэта адназначна.
— І плюс трэба разумець: з-за транспарту, які праязджае пасярэдзіне моста, усё роўна больш за ўсіх цярпіць крайняя бэлька. Ёй няма з кім падзяліцца нагрузкай, яна нясе яе адна. Усе астатнія размяркоўваюць яе больш-менш раўнамерна. Крайнія бэлькі ляжаць пад ухілам, а ціск на іх адбываецца зверху ўніз елкай. Таму менавіта крайняя бэлька заўсёды больш разбураецца, — пракаментаваў суразмоўца.
Ён растлумачыў, што для бетону мінусавое надвор'е нашмат карыснейшае, чым плюсавое. Але негатыўным фактарам сталі менавіта пераходы тэмпературы праз нуль. Адмоўна адбіваецца на стане дарожнага пакрыцця і пясчана-саляная сумесь.