Мільярдная мадэрнізацыя і крэдыты на заробкі. Як Беларусь набыла і згубіла БМЗ — перліну сваёй эканомікі
Беларускі металургічны завод, дзе працуюць 11 тысяч чалавек, — гэта горадаўтваральнае прадпрыемства Жлобіна. Старажылы памятаюць часы, калі тут плацілі высокія заробкі, а БМЗ спансаваў інфраструктуру горада. Але прайшоў час, і з заможнага прадпрыемства завод пераўтварыўся ў пастаяннага даўжніка. Ды такога, што цяпер крэдыты патрэбныя нават на выплату заробкаў. Расказваем, як так атрымалася.
12.01.2022 / 12:44
БМЗ будавалі еўрапейцы — генпадрадчыкам была аўстрыйская кампанія Voest Alpine, пастаўлялі тэхніку італьянцы з Danieli.
Пачалі будаваць у 1982-м, першая сталь з печаў пацякла ў 1984-м. Беларусь не забяспечвае сябе рудой, таму загружаюць БМЗ металаломам, сваім і чужым.
На ўнутраны рынак ідзе працэнтаў 15 ад аб'ёму прадукцыі завода. Усё астатняе павінна ісці на экспарт.
БМЗ, выгляд зверху, тут і далей фота з сайта завода
Сярод спажыўцоў — вялікія і вядомыя фірмы. Нават у Volkswagen знойдзецца нешта, зробленае на БМЗ. Завод перапрацоўвае лом, з якога потым робіць трубы, металакорд, дрот — спіс прадукцыі досыць вялікі.
На БМЗ чатыры вытворчасці: сталеплавільная, пракатная, трубная, метызная.
Гэта, дарэчы, быў адзіны металургічны завод у СССР, пабудаваны заходнікамі і па заходніх тэхналогіях.
Прыклад прадукцыі — дрот
Праўда, партнёрства з аўстрыйцамі потым вылезе БМЗ бокам, але пакуль што, у 91-м, у чысты рынак з развалам СССР прадпрыемства выходзіла на піку сваёй формы: новае, з самым сучасным абсталяваннем, з развязанымі рукамі, без неабходнасці забяспечваць савецкую дзяржзамову, а значыць — з магчымасцю прадаваць на прэміяльныя рынкі і па прыемнай цане.
Мала сказаць, што БМЗ тады пачаў добра жыць. Даставалася і ўсяму Жлобіну. Поспех таго, ранняга БМЗ старажылы звязваюць з асобай дырэктара Юрыя Феакцістава.
90-я і залатыя часы для завода
Феакцістаў быў рускім. Як і большасць менеджменту. Проста да таго ў Беларусі не было такога роду прадпрыемстваў, таму Савецкі Саюз пасылаў тых, хто мае досвед.
Ён кіраваў заводам дзесяць год (1989-1999) і заспеў яшчэ далукашэнкаўскія часы, калі кіраўнік буйнога завода меў быць перадусім менеджарам, а не выканаўцам, і сродкі размяркоўваў без аглядак на рознага кшталту кабінетных дзеячаў, якім лепш відаць.
Фота: planetabelarus.by
«З Юрыем Васільевічам мы ўдала выйшлі на міжнародны экспарт, пачала развівацца метызная вытворчасць (выпуск бартавога дроту, металакорда і іншага), — завадчане ўспамінаюць Феакцістава добрым словам і цяпер. — Залатыя часы для завода: заробкі былі высокія па мерках таго, што адбывалася навокал, будавалася жыллё, развівалася інфраструктура ва ўсім горадзе.
Але дырэктара арыштавалі пасля выступлення Лукашэнкі. Паводле папулярнай на заводзе версіі, Феакцістаў не аддаваў у бюджэт заробленыя грошы, а інвеставаў іх згодна са сваімі ўяўленнямі аб эфектыўнасці. Значыць, у сам завод».
Феакцістаў у свой час прыняў прынцыповае рашэнне наконт таго, што выпускаць: трубы ці дрот. Гэта вельмі розныя вытворчасці. У выніку спыніліся на дроце, і БМЗ з гадамі займеў долю ў больш як 10% на сусветным рынку металакорду. Праўда, не ўсё было так проста, як бачылася рабочым.
Чырвоны дырэктарат і яго атачэнне таксама шукалі, як зарабіць на кландайку, які прама ў руках генераваў мільёны і мільёны долараў.
З пашырэннем ліній вытворчасці завод абрастаў дылерамі, якія рабілі ўсё тое, чаго самі металургі нібыта не маглі: рэалізоўвалі прадукцыю, шукалі кліентаў, выступалі пасярэднікамі і гарантамі пры атрыманні крэдытаў у замежных банках для закупак сыравіны і абсталявання.
У выніку значную частку прыбыткаў завод аддаваў трэйдарам, а для мадэрнізацыі ўласнай вытворчасці звяртаўся па крэдыты, якія з тымі ж самымі «гарантамі» каштавалі даражэй за рынак.
Вось як гэта працавала. Напрыклад, пашырацца заводу дапамагала тая самая аўстрыйская Voest Alpine.
«У межах распачатай у 1996 годзе рэканструкцыі БМЗ Voest Alpine пастаўляла заводу сваё абсталяванне ў абмен на права збыту яго металапрадукцыі на замежных рынках, — так металургічны часопіс «Метал. Бюлетэнь. Украіна» апісваў вытокі праблем БМЗ у 2000-х.
— На думку экспертаў, менавіта з-за гэтай дамовы завод практычна цалкам пазбавіўся абаротных сродкаў.
І, сапраўды, калі б абсталяванне закуплялася за кошт доўгатэрміновых крэдытаў, то прадпрыемства мела б час для наладжвання вытворчасці, выпуску прадукцыі, яе рэалізацыі і разліку па пазыцы.
Пры супрацоўніцтве ж з Voest Alpine разлік за гэтае абсталяванне вялі шляхам паставак металапракату ўжо праз некалькі месяцаў пасля яго выпуску. Пры гэтым станкі закупляліся не «пад ключ» — для пачатку працы патрабавалася ўвесці іх у эксплуатацыю.
Па асобнай дамоўленасці мантаж таксама выконваўся сіламі кампаніі Voest Alpine, што не заўсёды садзейнічала якаснай рабоце абсталявання.
Пры гэтым, па даных англійскай кампаніі Miramex, кошты, па якіх аўстрыйская кампанія набывала прадукцыю БМЗ, былі ніжэйшымі за тыя, што выстаўляюцца іншым трэйдарам. Гэта давала Voest Alpine відавочную перавагу на сусветным рынку і выклікала, у прыватнасці, перанасычэнне рынку арматуры ў ЗША.
У выніку там было распачатае антыдэмпінгавае расследаванне адносна паставак арматуры з Беларусі, якое завяршылася ўвядзеннем антыдэмпінгавай пошліны ў памеры 114%. Так БМЗ фактычна страціў адзін з самых выгадных у свеце рынкаў канструкцыйнай сталі».
У 1999-м Феакцістава арыштавалі пасля выступлення Лукашэнкі перад дэпутатамі. Афіцыйныя прычыны адрозніваліся ад меркавання рабочых.
«БМЗ купляе ў Расіі металалом. Стварылі фірму, якая закупляе 20-30 тысяч тон металалому ў Расіі для вытворчасці металу БМЗ. Сваю структуру стварылі. І што вы думаеце, гэтая структура, закупляючы металалом па 20-30 долараў, БМЗ, роднаму прадпрыемству, якое яго нарадзіла, прадае па 70-80 долараў», — казаў тады Лукашэнка.
Гаворка вялася пра фірму «Межгосметиз», якая не толькі збірала і пастаўляла на завод лом, але і мела эксклюзіўныя правы на продаж прадукцыі завода ў Расіі. У выніку чаго значная частка прыбыткаў магла не даходзіць да Жлобіна.
Зрэшты, Феакцістаў пабыў у СІЗА нядоўга — чатыры месяцы. А потым яго выпусцілі па асабістай просьбе былога губернатара Арлоўскай вобласці (а на той час — спікера верхняй палаты расійскага парламента) Ягора Строева. Справа ў тым, што Феакцістаў сам быў выхадцам з Арлоўскага сталепракатнага завода, і іншыя былыя яго супрацоўнікі дамінавалі ў кіраўніцтве БМЗ цягам многіх гадоў.
Дырэктары мяняліся, падыходы — не
Пасля выхаду Феакцістаў з’ехаў у Расію кіраваць новаствораным «Урал-кордам», які неўзабаве стаў галоўным канкурэнтам БМЗ. Дырэктар БМЗ змяніўся, ім стаў Аляксандр Фаменка. Але схемы работы ён змяніць не здолеў.
«Пры Фаменку асабліва яскрава выявіліся фундаментальныя праблемы БМЗ, — пісаў некалі беларускі журналіст Міхаіл Падаляк, які цяпер працуе дарадцам прэзідэнта Украіны Зяленскага. — Па-першае, завод працаваў па непразрыстых фінансавых схемах. Практычна не існавала уліковай сістэмы дэбету/крэдыту. І гэта вельмі задавальняла як кіраўніцтва завода, так і яго трэйдараў.
Па-другое, завод шчыльна сядзеў на фінансавым круку, умела закінутым той жа Voest Alpine, бо ўсе крэдытныя дамовы БМЗ з заходнімі банкамі рыхтаваліся пад «гарантыі» Voest Alpine.
Па-трэцяе, ключавыя пасады на заводзе займалі толькі ангажаваныя персанажы, якія мелі нейкі агульны інтарэс і працавалі на карысць традыцыйных трэйдараў. Каманда рыхтавалася да актыўнай «эксплуатацыі» БМЗ».
Фаменку знялі, беганіна дырэктараў працягнулася — прызначылі Вадзіма Філіпава. Ён пачаў чысціць старыя кадры Феакцістава, а таксама адмаўляцца ад усяго фінансавання, якое ішло праз Voest Alpine, і дамаўляцца з банкамі наўпрост. Пагадзіўся Альфа-банк.
Філіпаў збольшага пазбавіўся ад таксічнай залежнасці ад аўстрыйцаў, але тут прыйшла новая бяда. БМЗ пачалі навязваць работу на расійскім рынку праз кампанію ЕL Реtroleum: маўляў, трэба дыверсіфікаваць пастаўкі.
Баючыся паўтарэння гісторыі з аўстрыйцамі, ён гэтае сяброўства сабатаваў і ў выніку аказаўся звольнены за невыкананне прагнозных паказчыкаў росту.
Атрымалася, што расійскія зборшчыкі лому ў 2001-м дабіліся зніжэння экспартных пошлін і сталі прадаваць лом не ў блізкую і танную Беларусь, а на далёкія прэміяльныя рынкі. А перавытворчасць лому ў свеце абрынула цану на метал амаль да сабекоштаў. Расці аб'ектыўна не было як, але дырэктара ўсё роўна знялі.
Высмоктванне абароткі і «дзяржаўныя праекты»
Філіпаў у СМІ наўпрост абвінавачвае тагачаснага кіраўніка Дзяржкантролю Анатоля Тозіка ў тым, што гэта ён стаіць за атакай на новага дырэктара. Маўляў, спрабуе падабрацца да валютнага скарбу праз лабіяванне канкрэтных фірм, якія на завод не хацеў дапускаць Філіпаў.
Пасля публічных нападак на ўсёмагутнага на той момант Тозіка Філіпаў паспявае ўцячы ў Расію, але на БМЗ пачынаюць затрымліваць менеджараў, якія мелі дачыненне да падпісання дамовы з кампаніяй Miramex.
Сэнс быў у тым, што праз вялікія даўгі БМЗ апынуўся на мяжы банкруцтва, але даўгі на 30 мільёнаў долараў пагасіла Miramex у абмен на пэўныя зніжкі і прывілеі ў пастаўках прадукцыі завода на Захад.
Тады ж затрымалі вядомага беларускага багацея Аляксандра Сманцара, які быў прадстаўніком Miramex.
У выніку кантракт разарвалі, пагашэнне даўгоў на сябе ўзяла дзяржава. Сманцэр пасля адсідкі выедзе ва Украіну і ніколі не вернецца да былых аб’ёмаў бізнесу. Але яго імя яшчэ пару разоў прагучыць у палітычных скандалах пры кантактах з апазіцыяй.
Пасля гэтага дырэктарам становіцца Мікалай Андрыянаў, чалавек абсалютна з сістэмы Лукашэнкі. Ён абяцае скончыць гульні вакол завода і спыніць практыкі супрацоўніцтва з адным, эксклюзіўным пастаўшчыком. Але нічога не мяняецца, мяняюцца толькі назвы фірмаў.
Публікацыі тых часоў сцвярджаюць, што фірма «Кронас», якая прыйшла на замену Miramex і «Межгосметизу», у асобныя часы пакідала сабе да 40% выручкі завода. А зніжка на прадукцыю для гэтага эксклюзіўнага пастаўшчыка была 12%.
Так парадаксальна вяліся справы: ніхто больш купіць не можа, а той, хто можа, атрымлівае зніжку. Пры гэтым, адпускныя цэны на прадукцыю БМЗ і так былі самыя нізкія ў рэгіёне. Іншыя ж трэйдары, зацікаўленыя ў пастаўках корду на расійскі рынак, да закупак не дапускаліся.
У 2004 годзе БМЗ замахнуўся на абсалютна новую для сябе галіну — выпуск бясшоўных стальных труб. Гэта зусім іншая спецыфіка. Гэта не корд, у якім БМЗ стаў адным з сусветных лідараў. Трубы патрабуюць вялікага пашырэння і інвестыцый.
Грошы шукалі па ўсім свеце, але першымі захацелі ўдзельнічаць рускія, якія прапаноўвалі стварыць сумеснае прадпрыемства расійскай «Трубнай металургічнай кампаніі» і асобных цэхаў БМЗ. Але з ідэяй прыватызацыі нічога не выйшла.
Вырашылі сваімі сіламі, хаця эканамісты білі трывогу: лепш засяродзіцца на кордзе, бо ўзяўшыся за новае, невядома што атрымаем, але можам згубіць і старую вытворчасць, якую ўжо трэба абнаўляць.
Але беларускіх кіраўнікоў было ўжо не спыніць: на заводзе пачаўся цыкл бясконцай «мадэрнізацыі», якая, згодна з разлікамі на паперы, мелася прынесці мільярды, але прыносіла толькі страты.
Так, скончыўшы з дзялкамі і круцялямі ранейшых гадоў, БМЗ сутыкнуўся з новымі праблемамі, уласцівымі новым дзяржаўным кіраўнікам: нерэальнай ацэнкай рызык пры буйным інвеставанні, навешваннем стратных прадпрыемстваў на БМЗ для падтрымкі іх штаноў, высмоктваннем абароткі ўжо хай і не на абагачэнне завадскіх кіруючых кланаў, а на іншыя, ужо «дзяржаўныя» праекты, але таксама з сумнеўным выхлапам.
Бясконцыя мадэрнізацыі давялі завод да мінусаў
Гэта ў выніку і прывяло БМЗ да краху. З 2009 і па 2019 год дырэктарам завода быў Анатоль Савянок. Практыкі па рабоце з мутнымі трэйдарамі спыніліся, здаецца, у 2008-м. Прынамсі ў Еўропу з таго часу прадае літоўская кампанія, якая належыць самому БМЗ.
Рэзюмаваць гісторыю бясконцых цыклаў распілачных «мадэрнізацый» можна словамі Рамана Галоўчанкі: «[Даўгі БМЗ] ўтварыліся праз тое, што некаторыя праекты пакуль не апраўдалі сябе эканамічна. Змянілася рыначная кан'юнктура, сусветныя цэны, таму не хапае сілаў, каб разлічвацца па абавязках».
Дакладная сума грошай, убуханая ў «мадэрнізацыю», невядомая. Але выглядала гэта так: на «мадэрнізацыю» БМЗ бралі крэдыты для закупкі імпартнага абсталявання, у выніку ў прадпрыемства ўтварыліся гіганцкія валютныя даўгі.
Вядомыя выпадкі, калі менеджары БМЗ здавалі на металалом дарагую імпартную тэхніку, пастаўленую дзесяцігоддзе таму ў рамках мадэрнізацыі, але так і не ўстаноўленую.
Прадстаўнікі незалежнага прафсаюза, які фарміраваўся на БМЗ, неяк тлумачылі для «Нашай Нівы», што ў «тлустыя» для металургіі 2005-2008 гады, калі рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў некаторыя месяцы была пад 50%, а выручка сягала $2 мільярдаў, у завода зразалі ўвесь тлушч. Абавязвалі прадаваць валюту на біржы, рабіць адлічэнні ў фонд нацыянальнага развіцця, патрабавалі спонсарскай дапамогі і навешвалі дэпрэсіўныя арганізацыі на баланс у рамках «холдынгабудаўніцтва».
«Эканамічны цыкл канкурэнтаў быў іншы: яны зарабілі на пад'ёме, сфармавалі рэзервы, з заробленага мадэрнізаваліся ў адпаведнасці з якаснымі прагнозамі, а цяпер зарабляюць з мадэрнізацыі. Мы ж улезлі ў непрадуманую да дэталяў мадэрнізацыю за чужыя крэдытныя грошы, давалі вал праз тое, што даведзеныя паказчыкі важнейшыя за эканамічную мэтазгоднасць», — казалі металургі.
Першы сур'ёзны фінансавы стрэс у выніку немагчымасці разлічыцца з крэдыторамі лячылі рэструктурызацыяй даўгоў і выпускам дадатковых аблігацый на $240 мільёнаў, які адбыўся ў 2016-м. Гэтыя аблігацыі ў добраахвотна-прымусовым рэжыме купілі беларускія банкі: Белінвестбанк, Беларусбанк, Белаграпрамбанк. «Невялікія» пакеты дасталіся таксама БПС-Ашчадбанку, Белгазпрамбанку і БелВЭБу.
Далей — болей. У выніку здарылася страшнае. Колішні гонар беларускай прамысловасці ў 2021-м аказаўся на мяжы фінансавага калапсу праз немагчымасць зарабляць грошы, нягледзячы на працяг работы — проста выплаты па крэдытах перакрываюць усе прыбыткі.
За 2020 год БМЗ зарабіў 34 тысячы рублёў чыстага прыбытку. Для такога буйнога прадпрыемства гэта выглядае мізерам.
Па стане на верасень 2020-га агульны доўг БМЗ сягаў страшнай лічбы — 3,6 мільярда рублёў. Значная частка з іх — доўг перад замежнымі крэдыторамі.
Ратаваць завод прыйшлося, натуральным чынам, усёй краінай, бо дэфолт такога гіганта паваліў бы і банкі, і эканоміку.
Ратавалі ўсёй краінай
«Наша Ніва» паведамляла пра сакрэтны план выратавання. Яго дэталі нідзе не агучваліся, рашэнні рэгулююцца ўказам Аляксандра Лукашэнкі, якога няма ў публічным доступе.
Працяг жыцця БМЗ і крэдытнае ратаванне ўключала наступныя пункты:
— значная частка доўгу БМЗ становіцца доўгам дзяржавы ў асобе Мінфіна;
— беларускія банкі спісваюць частку запазычанасці па даўгах БМЗ, перакладзеных на Мінфін. Што гэта значыць? Банкі бачаць, што БМЗ не зможа аддаць крэдыты, і каб не згубіць гэтыя грошы, пагаджаюцца, што даўгі БМЗ возьме на сябе Мінфін — «дзяржава», якая зможа разлічыцца. Але ўзамен за гэтую паслугу Мінфін патрабуе зніжэння аб’ёму доўгу на 15%;
— гэтак жа БМЗ дазваляюць выкупіць уласныя аблігацыі з 15% дысконтам. За купленыя за ўмоўныя 100 рублёў аблігацыі банкі атрымаюць назад 85;
— частку валютнага доўгу, каля $400 мільёнаў, перарабілі ў бюджэтную пазыку ў беларускіх рублях. Адметны тут і час пагашэння — па 2050 уключна.
— Каля $350 мільёнаў крэдытнай запазычанасці перавялі ў статутны фонд прадпрыемства. Гэта значыць, што той, хто пазычаў грошы, назад іх не бярэ, але як бы атрымлівае ілюзію, што сродкі зашытыя недзе там, у самім прадпрыемстве. Гэта амаль як спісанне доўгу, але прыгажэй выглядае на паперы.
І фінальнай ілюстрацыяй цяперашняга стану завода з'яўляецца тое, што з зімы мінулага года БМЗ патрабуюцца штомесячныя крэдыты ў памеры $6 мільёнаў на выплату заробкаў.
Штомесяц іх выдаюць беларускія банкі. Прадпрыемства не толькі не прыносіць прыбыткаў, але і бярэ грошы на тое, каб далей генераваць страты.
Калі казаць пра актуальную статыстыку, то на сёння вядомыя толькі абмежаваныя даныя за 9 месяцаў 2021 года. Выручка вырасла з 1,974 млрд рублёў да 3,382 млрд, але чысты прыбытак усё роўна застаўся на ўзроўні 45 тысяч рублёў.
І прагноз у цэлым неспрыяльны. Fitch прадказвае, што сусветныя цэны на сталь у 2022 годзе ўпадуць больш як на 20% і будуць падаць яшчэ тры гады — з 950 да 530 долараў за тону. Гэта звязана з тым, што вядучыя эканомікі скарачаюць патрэбу ў метале і для прамысловасці, нарошчваючы сферу паслуг.
Каштоўнасць БМЗ для ўладаў застаецца ў тым, што ён генеруе валюту — каля 3,8% валютнай выручкі Беларусі прыходзіцца на гэты завод.